- Ром! Робi, нясi ж наш iмянiнны ром!

- Дзень нараджэння? У каго дзень нараджэння? - спытала дзяўчына.

- У мяне, - сказаў я. - Мяне ўжо цэлы дзень даймаюць iм.

- Даймаюць? Дык вы не хочаце, каб вас вiншавалi?

- Хачу, - сказаў я. - Вiншаванне - гэта нешта iншае.

- Дык усяго найлепшага!

Я на момант затрымаў яе руку ў сваёй i адчуў яе цёплы, сухi поцiск. Потым я пайшоў па ром. Вялiкая i маўклiвая ноч разлеглася вакол шынка. Скураныя сядзеннi ў машыне адсырэлi. Я спынiўся, пазiраючы на гарызонт, дзе на небе абазначылася чырванаватае зарыва горада. Мне захацелася застацца тут, але мяне ўжо клiкаў Ленц.

Бiндзiнгу ром не пайшоў. Гэта мы заўважылi ўжо пасля другой чаркi. Хiстаючыся, ён падаўся ў сад. Я ўстаў, i мы з Ленцам падышлi да стойкi. Ён папрасiў бутэльку джыну.

- Шыкоўная дзяўчына, праўда? - сказаў ён.

- Не ведаю, Готфрыд, - адказаў я. - Не падумаў пра гэта.

Хвiлiнку ён разглядаў мяне сваiмi вясёлкава-блакiтнымi вачыма, а потым заматаў вогненнай галавой.

- Навошта ты жывеш, скажы, хлопчык!

- Сам даўно думаю пра гэта, - адказаў я.

Ён засмяяўся.

- Што з цябе возьмеш! Нялёгкая задачка. Але зараз я спачатку разнюхаю, што агульнага ў гэтай дзяўчыны з тоўстым аўтадаведнiкам.

Ён пайшоў услед за Бiндзiнгам у сад. Праз нейкi час яны ўдвух вярнулiся да стойкi. Вiдаць, навiна была добрая, таму што Готфрыд, перад якiм, мусiць, адкрылася поле дзейнасцi, у радасцi ад гэтага трымаўся неадступна каля Бiндзiнга. Яны заказалi яшчэ адну бутэльку джыну i праз гадзiну былi ўжо на "ты". Ленц, калi быў у добрым настроi, мог так забавiць, што вырвацца ад яго было цяжка. Цяпер ён проста запаланiў Бiндзiнга, i неўзабаве яны ўдвух ужо спявалi ў альтанцы салдацкiя песнi. Пра дзяўчыну за гэтай справай апошнi рамантык зусiм забыўся...



13 из 371