Я застаў яе такую не ўпершыню. Кожнае ранiцы яна дзве гадзiны прыбiрала ў майстэрнi. Можна было колькi хочаш пакiнуць грошай - яна не кране. Але да гарэлкi яна была ласая, як кот да сала.

Я ўзяў бутэльку.

- Вядома, каньяк, што для клiентаў, вы не кранулi. А лепшы, ад пана Кёстэра, спажылi.

Усмешка кранула выветраныя рысы Мацiльды.

- Што праўда, то праўда. Ведаю смак. Але няўжо вы мяне выдадзiце, пан Локамп? Безабаронную ўдаву?

Я пахiтаў галавой.

- Сёння не выдам.

Яна адпусцiла падаткнутую спаднiцу.

- Тады я хуценька дам лататы. А то прыйдзе пан Кёстэр... божа лiтасцiвы!

Я падышоў да шафы i адчынiў.

- Мацiльда!

Яна хуценька прыкандыбала. Я падняў карычневую чатырохкантовую бутэльку.

Яна ўзмахнула рукамi, пратэстуючы.

- Гэта не я! Шчыра! Гэту я не чапала!

- Я ведаю, - сказаў я i налiў поўную чарку. - Пiлi калi-небудзь гэты?

- А няўжо ж! - Яна аблiзала вусны. - Ром! Вытрыманы ямайскi!

- Выдатна! Тады выпiце чарку.

- Я? - Яна адхiснулася. - Пан Локамп, гэта зашмат! Вы смалiце мяне гарачым жалезам. Старая Штос п'е, як злодзей, ваш каньяк, а вы частуеце яе яшчэ ромам. Вы святы, святы! Лепш памерцi, чым стрываць такое.

- Ну што ж... - сказаў я, робячы выгляд, што адстаўляю чарку.

- Ну добра! - Яна паспешлiва схапiла яе. - Нельга адмаўляцца ад дабра. Нават калi не разумееш, за што. На здароўе! Можа, у вас дзень нараджэння?

- Так, Мацiльда. Адгадала.

- Няўжо праўда? - Яна сцiснула мне руку i пачала трэсцi. - Вiншую ад усяго сэрца! Каб грошы не выводзiлiся! Пан Локамп, - яна выцерла вусны, - я так расчулена... за гэта абавязкова трэба кульнуць яшчэ адну. Я ж вас люблю, як сына.

- Цудоўна.

Я налiў ёй яшчэ адну чарку. Яна кульнула яе i ўдзячная пайшла з майстэрнi.

Я схаваў бутэлькi i сеў за стол. Слабае сонца свяцiла праз акно мне на рукi. Дзiўнае пачуццё, такi вось дзень нараджэння, нават калi не надаваць гэтаму вялiкага значэння. Трыццаць гадоў... а былi часы, калi мне здавалася, што не дажыву да дваццацi, такой вялiкай уяўлялася адлегласць. А потым...



2 из 371