Я дастаў з шуфляды лiсток паперы i пачаў падлiкi. Дзяцiнства, школа - гэты кавалак быў далёка, невядома дзе, як яго i не было. Сапраўднае жыццё пачалося толькi ў 1916 годзе. Я якраз стаў навабранцам, худым, даўгалыгiм, мне было васемнаццаць гадоў. Па камандзе вусатага унтэр-афiцэра я трэнiраваўся на пляцы за казармай падаць i ўставаць. Аднаго разу ўвечары да мяне ў казарму прыйшла мацi. Ёй давялося больш за гадзiну чакаць мяне - я не ўпакаваў як след свой рэчмяшок i быў пакараны тым, што мусiў у вольны час чысцiць салдацкiя прыбiральнi. Яна хацела дапамагчы мне, але ёй не дазволiлi. Яна заплакала, а я так змарыўся, што заснуў пры ёй.

1917 год. Фландрыя. Мiдэндорф i я купiлi ў шынку бутэльку чырвонага вiна. Мы хацелi пабаляваць. Але не ўдалося. Ранiчкай ангельцы адкрылi ўраганны агонь. Кёстэра паранiла ў полудзень, Маер i Дэтэр загiнулi пад вечар. А ўвечары, калi, здалося, настаў спакой i мы адкаркавалi бутэльку, газ запоўнiў акопы. Мы, праўда, паспелi надзець процiвагазы, ды процiвагаз Мiдэндорфа быў няспраўны. Калi ён спахапiўся, было ўжо запозна. Пакуль сарваў гэты i знайшоў новы, занадта шмат наглытаўся газу. З горла хлынула кроў. Ён памёр назаўтра ранiцай. Твар яго ззелянеў i счарнеў. Шыя ўся была падрапана - пазногцямi ён стараўся разарваць яе, каб ухапiць паветра.

1918 год. Гэта было ў шпiталi. Некалькi дзён назад прыбыў новы транспарт. Папяровыя бiнты. Цяжка параненыя. Увесь дзень туды-сюды сноўдалiся аперацыйныя каляскi. Часам яны вярталiся пустыя. Побач са мной ляжаў Ёзэф Штоль. Ён ужо быў без ног, але яшчэ не ведаў пра гэта. Убачыць было нельга, таму што коўдра накрывала замест ног драцяны каркас. Ён i не паверыў бы, бо адчуваў боль у ступаках. Уначы ў нашай палаце памерлi двое. Адзiн памiраў цяжка i доўга.



3 из 371