
- Бiлеты яшчэ ў цябе, Ота?
- У мяне.
- Добра. Я iду на бокс.
Пасля матча мы яшчэ крыху пахадзiлi па начным горадзе. Вулiцы былi свежыя i пустыя. Зiхацелi шыльды. У вiтрынах гарэла святло. У адной з iх стаялi голыя васковыя манекены з размаляванымi тварамi. У iх быў выгляд распусных прывiдаў. Побач мiгцелi ўпрыгожаннi.
Потым мы падышлi да ўнiвермага, якi быў асветлены ярка, як сабор. Вiтрыны пенiлiся стракатым блiскучым шоўкам. Каля кiнатэатра на прыступках сядзелi бледныя, схуднелыя постацi. Побач агнямi пералiвалiся вiтрыны прадуктовай крамы. Металiчнымi вежамi ўзвышалiся выстаўленыя кансервы, на ватнай посцiлцы ляжалi прывялыя яблыкi, гронка тлустых гусей была падвешана на вяроўцы, рудаватыя круглыя боханы хлеба ляжалi памiж палак сухой каўбасы. Вабiлi жоўтыя i ружовыя букеты вяндлiны i паштэтаў.
Мы селi на лаўку ля сквера. Было свежа. Месяц, нiбы электрычная лямпачка, вiсеў над дамамi. Ужо даўно перавалiла за поўнач. Непадалёк на вулiцы рабочыя паставiлi палатку. Яны працавалi на трамвайнай лiнii. Шыпелi зварачныя апараты, россыпы iскраў пырскалi над сагнутымi цёмнымi постацямi. Побач з iмi, як палявыя кухнi, дымiлiся катлы з гарачым асфальтам. Мы думалi кожны пра сваё.
- Дзiўная нядзеля, цi не праўда, Ота?
Кёстэр згодна кiўнуў.
- Шчыра кажучы, радуешся, калi яна канчаецца, - сказаў я задумлiва.
Кёстэр пацiснуў плячыма.
- Мусiць, так звыкаешся з працай, што крышку свабоды ўжо перашкаджае.
Я наставiў каўнер.
- Ёсць штосьцi няправiльнае ў нашым жыццi, Ота?
Ён глянуў на мяне i ўсмiхнуўся.
- Было нешта iншае, Робi.
- Праўда, - пагадзiўся я. - Але...
Яркая ўспышка аўтагена пырснула зялёным святлом на асфальт.
Палатка рабочых, асветленая ўсярэдзiне, здавалася цёплым маленькiм домам.
- Як ты думаеш - закончым "кадзiлак" да аўторка? - спытаў я.
- Павiнны, - сказаў Кёстэр. - А чаму?
- Ды не, проста так...
