- У цябе планы? - спытаў ён.

- Не.

Ён зiрнуў на мяне.

- Пайду дадому, - сказаў я. - Напiшу пiсьмы, i яшчэ тое-сёе... Таксама трэба.

- Ты захварэў? - спытаў ён занепакоена.

- Ты што, анi блiзка. Магчыма, таксама вясна затлумiла галаву.

- Ну добра. Як хочаш.

Я паплёўся дадому. Але i седзячы ў пакоi, я не ведаў, чым заняцца. Без мэты я хадзiў узад-уперад. Я ўжо не мог уцямiць, што ж мяне пацягнула сюды. Нарэшце я пайшоў праз калiдор да Георгi. Пры гэтым я сутыкнуўся з фраў Залеўскi.

- Вось табе i на, - сказала яна. - Вы тут?

- Цяжка не пагадзiцца, - адказаў я з ледзь прыхаваным раздражненнем.

Яна пахiтала сiвой галавой.

- Нiкуды не пайшлi? Дзiва, ды i ўсё тут!

Я не доўга затрымаўся ў Георгi. Праз пятнаццаць хвiлiн я вярнуўся. Падумалася, цi не выпiць чаго. Але не хацелася. Я прысеў каля акна i пачаў пазiраць на вулiцу. Змрок на крылах кажана лунаў над могiлкамi. Неба за Домам прафсаюзаў было зялёнае, як няспелы яблык. Загаралiся лiхтары, але яшчэ было не зусiм цёмна - здавалася, што яны мерзнуць. Я пашукаў пад кнiгамi паперку з нумарам тэлефона. У рэшце рэшт... патэлефанаваць жа можна. Я ж нават амаль што даў слова. А можа, дзяўчыны i дома няма.

Я падышоў да тэлефона, зняў слухаўку i назваў нумар. Чакаючы адказу, я адчуваў, як з чорнай слухаўкi наплывае лёгкая хваля, хваля чакання. Дзяўчына была дома. Як толькi ў прыхожай фраў Залеўскi, памiж галовамi дзiкоў, пахам тлушчу i кухонным бразгатаннем, раптам цiха i павольна, нiбы ў задуменнi, разважаючы над кожным словам, загучаў нiзкi хрыплаваты голас, мая незадаволенасць сабой адразу знiкла. Я павесiў слухаўку, пасля таго як, не пытаючыся пра здароўе, прызначыў спатканне на паслязаўтра. Раптам жыццё здалося не такiм змрочным. "Вар'яцтва", - падумаў я i патрос галавой. Потым я яшчэ раз зняў слухаўку i патэлефанаваў Кёстэру.



22 из 371