(Тут i далей - заўвагi перакладнiка.)

Ва ўсякiм разе, я спадзяюся, што ты не адзiнокая на тым тратуары, дзе я развiтаўся з табой.

I

Адвакат адчынiў дзверы. Цёмны бакавы калiдор будынка суда напоўнiўся сырасцю. Тэрэза не спяшалася выходзiць i прагна ўдыхнула ў сябе свежае асенняе паветра. Яна баялася, што там, на дварэ, яе чакаюць. Чалавек з настаўленым каўняром адышоў ад платана: яна пазнала бацьку. Адвакат гучна сказаў яму: "Справа спынена. Саставу злачынства няма", i да Тэрэзы:

- Вы можаце выйсцi: тут нi адной душы.

Яна спусцiлася па мокрых прыступках. Сапраўды, на маленькай плошчы нiкога не было. Бацька не абняў яе i нават не паглядзеў у яе бок. Ён пачаў распытваць у адваката Дзюро. Той адказваў цiха, нiбы баяўся, што iх падслухаюць. Да Тэрэзы даляталi абрыўкi размовы:

- Заўтра я атрымаю афiцыйную пастанову суда.

- А што, нiякiх сюрпрызаў ужо не будзе?

- Не. Усё ў парадку.

- Я думаю, паказанне майго зяця выратавала становiшча.

- Выратавала... выратавала... У такiх справах нiколi не ведаеш...

- Але, раз ён сам прызнаўся, што нiколi не лiчыў кропель, прымаючы лякарствы...

- Ведаеце, Лярок, у падобных выпадках паказаннi ахвяры...

Пачуўся Тэрэзiн голас:

- Нiякай ахвяры не было!

- Я хацеў сказаць, мадам, ахвяры сваёй уласнай неасцярожнасцi.

Позiркi абодвух мужчын на нейкi момант спынiлiся на нерухомай фiгуры маладой жанчыны, зацiснутай у палiто, на яе бледным, абыякавым твары. Тэрэза папыталася, дзе стаiць iх экiпаж. Бацька сказаў, што загадаў фурману чакаць за горадам, на дарозе ў Бюдо, каб не прыцягваць да сябе лiшняй увагi.

Яны перайшлi цераз плошчу. На мокрых лаўках валялася апалае лiсце платанаў. Добра, што дзень стаў карацейшы i ўжо змяркалася. Дый прайсцi да экiпажа можна было непрыкметна: вулiцы ў гэтым раёне былi малалюдныя. Тэрэза iшла памiж мужчынамi. Яны вялi сваю размову, як быццам яе тут i не было.



2 из 99