Але сярод гэтых ангельскiх жанчын, з якiмi мне давялося сустракацца цi чуць пра iх (як я ўжо казаў, да iх цяжка знайсцi падыход), адна пажылая лэдзi, што жыла ў Малой Азii, найбольш мне запомнiлася. Пасля доўгага i цяжкага падарожжа прыбыў я ў невялiкi гарадок, дзе збiраўся падняцца на славутую вяршыню, i ўладкаваўся ў старым атэлi каля падножжа гары. Я прыехаў позна ўначы, запiсаў сваё прозвiшча ў кнiзе i падняўся ў пакой. Было даволi холадна, i я, распранаючыся, пецепваўся, але ў гэты момант нехта пастукаў у дзверы i ўвайшоў драгаман*.

* Перакладнiк (на Ўсходзе).

- Паклон ад сiньёры Нiкалiнi, - сказаў ён.

На маё дзiва, ён падаў грэлку. Я з удзячнасцю ўзяў яе.

- Хто гэта сiньёра Нiкалiнi? - спытаўся я.

- Гаспадыня гэтага атэля, - растлумачыў ён.

Я перадаў ёй маю падзяку, i ён пайшоў. Нiяк я не чакаў, што ў Малой Азii ў гэтай богам забытай гасцiнiцы мне пададуць грэлку з цёплай вадой. Мне гэта было самае прыемнае на свеце (калi б вам не надакучыла да смерцi вайна, я расказаў бы, як шэсць чалавек, рызыкуючы жыццём, пайшлi па грэлку ў замак у Фландрыi, якi ў гэты час абстрэльвалi з артылерыi); i ранiцай, каб падзякаваць ёй асабiста, я спытаўся, цi можна пабачыць сiньёру Нiкалiнi. Чакаючы яе, я ламаў галаву, адкуль у Iталii магла апынуцца грэлка. Праз хвiлiну гаспадыня прыйшла. Гэта была мажная жанчына, у чорным фартуху, упрыгожаным карункамi, i ў маленькiм чорным каптурыку таксама ў карунках. Яна стала, склаўшы накрыж рукi. Мяне ўразiў яе выгляд - яна была надта падобная на ахмiстрыню з багатага ангельскага дома.

- Вы жадалi мяне бачыць, сэр?

Яна была ангелька, i па гэтых некалькiх словах я беспамылкова распазнаў у яе лёгкi акцэнт кокнi*.

* Лонданскае прастамоўе, ужываецца ва ўсходняй частцы горада.

- Я хачу падзякаваць вам за грэлку з цёплай вадой, - адказаў я, чамусьцi бянтэжачыся.



2 из 5