- Я ўбачыла ў кнiзе прыезджых, што вы ангелец, сэр, а я заўсёды прыношу грэлку з цёплай вадой ангельскiм панам.

- Шчырае вам дзякуй, яна была вельмi дарэчы.

- Я многа гадоў слугавала нябожчыку лорду Ормскiрку, сэр. Ён заўсёды падарожнiчаў з грэлкай. Вам яшчэ што-небудзь трэба, сэр?

- Пакуль што не, дзякуй.

Яна далiкатна пакланiлася i выйшла. А я доўга потым думаў, як магло здарыцца, што гэтая цiкавая пажылая ангелька апынулася гаспадыняй атэля ў Малой Азii. Было нялёгка завесцi з ёю знаёмства, яна добра ведала сваё месца, якое сама сабе вызначыла, i трымалася ад мяне на адлегласцi. Служба ў прыстойнай ангельскай сям'i не прайшла бясследна i наклала на сiньёру Нiкалiнi пэўны адбiтак. Але дзякуючы маёй настойлiвасцi, я ўрэшце быў запрошаны на кубачак чаю ў яе невялiчкую гасцiную. Я дазнаўся, што яна працавала пакаёўкай у нейкай лэдзi Ормскiрк, а сiньёр Нiкалiнi (толькi так дазваляла яна сабе называць нябожчыка мужа) служыў у маёнтку кухарам. Сiньёр Нiкалiнi быў вельмi прывабны мужчына, i ўжо некалькi гадоў да замужжа яна з iм сустракалася. Яны назбiралi патрэбную суму i пажанiлiся. Пакiнулi служыць i вырашылi купiць атэль. Прыдбалi гэтую гасцiнiцу па аб'яве, таму што сiньёр Нiкалiнi хацеў пабачыць свету. Гэта было амаль трыццаць гадоў назад, а ўжо пятнаццаць, як няма сiньёра Нiкалiнi. За ўвесь час удава нi разу не пабывала ў Ангельшчыне. Я пацiкавiўся, цi не сумавала яна па радзiме.

- Не скажу, што не хацела пабыць дома, хоць i ведала, што там многае змянiлася. Бацькi былi супраць майго шлюбу з чужаземцам, i з таго часу я не падтрымлiваю з iмi адносiн. Вядома, тут шмат чаго не так, як у мяне на радзiме. Дзiва, але надта хутка прызвычайваешся. Многа пабачыла я ў жыццi. Не ведаю, цi змагла б я жыць так сумна i нецiкава, як жывуць, напрыклад, у Лондане.



3 из 5