Я ўсмiхнуўся. Словы гэтыя анiяк не стасавалiся з яе манерамi. Яна была ўзорам этыкету. Неверагодна, што гэтая жанчына больш за трыццаць гадоў пражыла ў такой дзiкай, амаль варварскай краiне, i гэта на ёй не адбiлася. Хоць турэцкай мовы я не ведаў, а яна размаўляла на ёй лёгка, я быў упэўнены, што гаворыць яна з памылкамi, дый таксама акцэнт кокнi вельмi адчуваецца. Яна, прайшоўшы праз усе выпрабаваннi i дзякуючы здольнасцi нiколi не дзiвiцца, засталася той адпаведна выхаванай ангельскай служанкай, што добра ведае сваё месца. Успрымала ўсё, як нешта само па сабе зразумелае. Яна бачыла ў кожным неангельцы iншаземца, таму - амаль прыдуркаватага чалавека, што заўсёды трэба прымаць у разлiк. Яна кiравала сваiмi падначаленымi дэспатычна - няўжо яна не ведае, як у багатым доме старшая чэлядзь павiнна паказваць сваю ўладу над iншымi слугамi, што стаяць нiжэй? - i такiм чынам у атэлi заўсёды падтрымлiвалiся парадак i чысцiня.

- Раблю ўсё, што магу, - сказала яна, пачцiва склаўшы накрыж рукi, як заўсёды рабiла, калi гаварыла са мною. - Зразумела, нельга чакаць ад iншаземцаў такiх жа разумных думак, як ад нас. Мой гаспадар звычайна гаварыў мне: "Паркер, у гэтай штодзённай мiтусне, у якой мы жывём, трэба цвёрда весцi сваю лiнiю".

Сiньёра Нiколiнi падрыхтавала найвялiкшы сюрпрыз у дзень майго ад'езду.

- Я вельмi рада, што вы не паедзеце, не пазнаёмiўшыся з маiмi сынамi.

- А я i не ведаў, што ў вас ёсць дзецi.

- Яны ездзiлi па справах, але вось-вось павiнны вярнуцца. Вы, вядома, здзiвiцеся, калi iх убачыце. Я выгадавала iх, як кажуць, сваiмi рукамi. Калi я памру, яны абодва стануць гаспадарамi гэтага атэля.

Праз нейкi час у хол увайшлi два высокiя, смуглявыя, маладыя хлопцы. Вочы ў жанчыны засвяцiлiся ад радасцi. А сыны падышлi да мацi, абнялi яе i моцна пацалавалi.

- Яны не гавораць па-ангельску, сэр, але крышачку разумеюць. Ну i, вядома, валодаюць турэцкай мовай, як мясцовыя, а таксама - грэчаскай i iталiйскай.



4 из 5