
- Тут вам лiст, мадмуазэль, - сказаў бiлецёр.
Яна разгарнула лiсток i гучна засмяялася:
- Гэта ад лiцэiста... Ён мне пiша, што ў сваёй школе яны заснавалi Жэннi-клуб.
- Тады ўвесь Жакей-клуб перабяжыць у Жэннi-клуб, - пажартаваў Анры.
- Лiцэiсты мне падабаюцца больш, чым аматары верхавой язды. О! I гэты канчае паэзiяй... Слухайце, мой друг:
Даруйце мне, што вершам вам пiшу,
Прабачце за радкi, што я няўмела склаў.
Я шчыра вас люблю i вельмi вас прашу,
Каб наш дырэктар гэтага не знаў.
Мiла... да немагчымасцi!..
- Вы будзеце яму адпiсваць?
- Вядома, не! Такое мне на дзень разоў дзесяць прыносяць. Адурэць можна, адпiсваючы... Але гэта мяне акрыляе... Паклоннiкi ў шаснаццаць гадоў... яны будуць захапляцца мною доўга.
- Наўрад!.. У трыццаць гадоў яны будуць натарыусамi.
- А чаму натарыусам нельга мною захапляцца?
- I гэта яшчэ вам, - сказаў бiлецёр, падаючы ёй букецiк фiялак цаною ў два су.
- О! Любата!.. Гляньце, Анры... А запiска ёсць?
- Не, мадмуазэль, запiскi няма... Дзяжурны гаварыў, што кветкi яму паклаў студэнт з Полiтэхнiчнай вучэльнi, у форму быў апрануты.
- Вiншую, мая дарагая, - прамовiў Анры Сталь... - Закруцiць галовы гэтым iксам у квадраце - справа нялёгкая.
Яна доўга нюхала фiялкi.
- Цудоўна пахнуць... Адзiныя знакi ўвагi, ад якiх мне радасна... Я не люблю сытай бывалай публiкi, што прыходзiць паглядзець, як я памiраю ў поўнач, гэтак жа, як у поўдзень бяжыць у Пале-Раяль паслухаць, як страляюць з гарматы.
- Публiку вабiць вострае, - заўважыў Анры. - Так заўсёды было... Крывавыя баi гладыятараў... Каб актрыса праглынула сто iголак, вось быў бы поспех!
Яна засмяялася:
- А каб швейную машынку праглынула - яшчэ больш было б славы.
- На сцэну! - паклiкалi з-за кулiс.
Яна ўстала:
- Я гатова... Iду глытаць свае сто iголак.
