Вось так, расказвала Жэннi, i пачалася гэта прыгода.

У наступную сераду зноў у апошнiм антракце бiлецёр з усмешкай перадаў Жэннi букецiк фiялак.

- Ого! - павесялела яна. - Няйначай, ад таго самага студэнта.

- Ад яго, мадмуазэль.

- А якi ён на выгляд?

- Не ведаю, мадмуазэль. Пайду запытаюся ў дзяжурнага.

- Не трэба. Гэта не мае значэння.

Праз тыдзень яна не iграла ў сераду, але з'явiўшыся ў чацвер на рэпетыцыю, знайшла ў сваёй прыбiральнi крыху завялы букецiк фiялак. Выходзячы, яна запыталася ў вартаўнiка:

- Скажыце, Бернар, мне гэтыя фiялкi ад таго самага маладога чалавека?

- Ад таго самага, мадмуазэль... Ужо трэцi раз.

- А якi ён сабою, гэты студэнт?

- Сiмпатычны... Вельмi сiмпатычны... Худаваты крыху, шчокi ўпалыя, кругi пад вачамi... Цёмныя вусiкi прабiваюцца. Пенснэ. I яно так смешна - мундзiр са шпагай... Пабажуся, мадмуазэль, хлопец - закаханы па вушы... Працягвае мне букецiк i кажа: "Паважанай панне Жэннi Сарб'е" - i пачырванеў... як ружа.

- А чаму ён прыходзiць заўсёды ў сераду?

- А хiба вы не ведаеце. Серада - выхадны дзень у Полiтэхнiчным. Кожную сераду партэр i галёрка перапоўнены студэнтамi. I кожны з дзяўчынай.

- I ў майго ёсць дзяўчына?

- А як жа, мадмуазэль, але гэта яго сястра... Страшэнна падобная...

- Бедны хлопчык! Каб я была смялейшай, я б вас папрасiла прывесцi яго ў фае хоць адзiн раз, каб ён мне сам перадаў свае фiялачкi.

- Яшчэ чаго! Не раю вам, мадмуазэль. Гэтыя тэатральныя кавалеры, калi з iмi не цацкацца, - мiлыя людзi, нiякай шкоды ад iх. Яны любяць актрыс здалёку, на сцэне, i гэтым задавальняюцца... А калi iх хоць капельку прылашчыць, яны адразу пачынаюць чапляцца, i тады проста жах... Дай iм кончык пальца, схопяць далонь, працягнi далонь, руку адарвуць... Вам смешна, мадмуазэль, а я маю горкi вопыт. Я ўжо гадоў дваццаць служу тут. Нагледзеўся!.. Бачыў каля дзвярэй i закаханых дзяўчатак... I ашалелых дзецюкоў... I лысых, i сiвых... Заўсёды прымаў ад iх i кветкi, i лiсты, але каб пускаць iх наверх - нiзашто.



5 из 10