Завiтайце ў iхнiя халупы. Вы нiколi не застанеце там бацькi. Спытайце ў жанчыны, што сталася з мужам, - яна пакажа на змрочнае мора, якое раве i плюецца белай слiнай на ўсё ўзбярэжжа. Ён не вярнуўся ў той дзень, калi хапiў лiшку. Старэйшы сын таксама. Засталiся яшчэ чацвёра светлавалосых моцных дзецюкоў. Неўзабаве iх чарга.

Жыў я, значыць, у сваёй сялянскай хатцы каля Пон-ль'Абэ рэзам са слугой былым мараком i сям'ёй брэтонцаў - мужчына працаваў садоўнiкам, а жонка i швагерка прыглядалi ў хаце, калi мяне не было.

I ў той год пад каляды ў iх нарадзiўся хлопчык.

Бацька папрасiў мяне быць хросным. Я не змог адмовiцца, i ён пазычыў у мяне дзесяць франкаў на царкоўныя выдаткi - так ён сказаў.

Хрышчэнне назначылi на 2 студзеня. Ужо тыдзень, як зямля здранцвела пад сiняватым цвёрдым цалiком, што акрыў увесь гэты плоскi нiзкi абшар, за якiм чарнела мора i зводдаль было вiдаць, як яно дыхала, выгiнала спiну, кацiлася iмклiвымi хвалямi, быццам прагнула кiнуцца на свайго нерухомага суседа, якi здаваўся мёртвым, бо ляжаў спакойны, белы i настылы.

А дзевятай ранiцы да мяне прыйшлi бацька Керандэк са швагеркай - доўгай худой Кермаган - i нянькай, якая ў коўдры несла дзiця.

Мы рушылi да царквы. Мароз стаяў такi, што ад яго трашчалi камянi-дальмены, i цела ледзь не трэскалася ад яго калючых укусаў. А я думаў пра беднае немаўля, якое неслi наперадзе, i казаў сабе, што брэтонцаў выкавалi з жалеза, калi iх дзецi ад нараджэння могуць трываць гэтакiя прагулкi.

Мы падышлi да царквы, але дзверы былi зачыненыя.

Плябан пазнiўся.

Тады нянька прысела на тумбу каля ганка i ўзялася расхутваць дзiця. Спачатку я падумаў, што хлопчык абрабiўся, але яго, беднага, збiралiся выставiць зусiм голага на люты мароз. Абураны такой неасцярожнасцю, я не вытрываў:

- Вы што, з глузду з'ехалi? Вы ж заб'яце яго!

Жанчына цвёрда сказала: "Ды не, вашэцi, ён мусiць чакаць Божаньку зусiм голы".



2 из 5