Бацька з цёткай спакойна пазiралi на гэта. Такi звычай. Паруш яго, i дзiцяцi не будзе шчасця ў жыццi. Я абураўся, крычаў на мужа, пагражаў пайсцi дадому i нават спрабаваў сiлай адабраць немаўля. Усё было дарэмна. Нянька па снезе шпарка ўцякала ад мяне, а хлопчыкава цельца рабiлася фiялетавае.

Я сабраўся пайсцi прэч ад гэтага быдла, калi заўважыў на дарозе з вёскi плябана, рызнiка i вясковага хлопчыка-служку.

Я падбег да iх i пачаў абурацца. Плябан зусiм не здзiвiўся, не прыспешыў, ступаў нетаропка. Ён адказаў:

- Нiчога не зробiш, пане. Такi звычай. Усе так робяць, i я не магу нiчога змянiць.

- Ды iдзiце вы хоць бы хутчэй, - крыкнуў я.

Святар азваўся:

- А я не магу хутчэй.

Так ён зайшоў у рызнiцу, а мы засталiся на цвiнтары. Я вельмi пакутаваў ад дзiцячага ляманту - малое аж заходзiлася ад марозных апёкаў.

Дзверы нарэшце расчынiлiся. Мы ўвайшлi, але дзiця заставалася голае ўсю цырымонiю.

Яна цягнулася доўга. Плябан - святая чарапаха - бязладна вавулiў лацiнскiя словы, паважна i нетаропка ступаючы па халодных плiтах, а яго белы ўбор, якi ён надзеў, каб у iмя бязлiтаснага жорсткага Бога прымусiць пруцянець ад холаду кавалачак чалавечай плоцi, ледзянiў мне сэрца.

Нарэшце гэтае доўгае хрышчэнне скончылася, i нянька зноў укруцiла ў доўгую коўдру змерзлага хлопчыка, якi пранiзлiва вiшчаў ад болю.

Святар сказаў мне:

- Зайдзiце, калi ласка, распiсацца ў рэестры.

Я павярнуўся да садоўнiка:

- А цяпер ляцiце дамоў i адразу сагрэйце дзiця.

I я даў яшчэ некалькi парад, каб пазбегнуць, калi не позна, запалення лёгкiх.

Бацька паабяцаў зрабiць усё як трэба i пайшоў разам са швагеркай i нянькай. А мы з плябанам зайшлi ў рызнiцу.

Калi я распiсаўся, ён папрасiў пяць франкаў на выдаткi.

Я, канечне, адмовiўся, бо ўжо даваў дзесяць франкаў бацьку. Плябан гразiў парваць пасведчанне i скасаваць хрышчэнне. А я палохаў яго пракурорам рэспублiкi.



3 из 5