
I так вось кожны дзень. Цi на палях вясна, духмяная ад кветак, цi хмарыцца лiпеньская навальнiца, цi разгуляныя па асеннiх вулiцах вятры ганяюць едкi пыл, цi зiма завiрушыць снягамi - ён заўсёды, абы звечарэла, бяжыць са сваiм агеньчыкам па тратуарах, запальвае агнi, а потым, як цень, знiкае.
Адкуль ты з'яўляешся, чалавеча, i дзе хаваешся так, што мы не бачым тваiх рысаў, не чуем твайго голасу? Цi ёсць у цябе жонка або мацi, што чакае, калi ты вернешся? Або дзецi, якiя, паставiўшы ў кут твой лiхтарык, узлазяць на твае каленi i абдымаюць цябе за шыю? Цi ёсць у цябе сябры, якiм ты расказваеш пра свае радасцi i беды, або хоць знаёмыя, з якiмi ты мог бы пагутарыць пра штодзённыя навiны?
Цi ёсць наогул якi-небудзь дом, дзе цябе можна было б знайсцi? Цi ёсць iмя, якiм цябе можна было б аклiкнуць? Цi ёсць патрэбы i пачуццi, якiя рабiлi б цябе такiм самым, як мы, чалавекам? Цi ты i сапраўды iстота бясформенная, маўклiвая i няўлоўная, што з'яўляецца толькi на змярканнi, запальвае святло, а потым знiкае, як цень?
Мне сказалi, што гэта i сапраўды чалавек, нават далi яго адрас. Я пайшоў у той дом i спытаўся ў дворнiка:
- Цi ў вас тут жыве той, што запальвае вулiчныя лiхтары?
- У нас.
- А дзе?
- У тым вунь закутку.
Закутак быў замкнёны. Я пацiкаваў у акно, аднак убачыў толькi тапчан каля сцяны, а побач з iм, на высокiм кii, лiхтарык. Самога лiхтарнiка не было.
- Скажыце, прынамсi, як ён выглядае.
- А хто яго ведае, - адказаў дворнiк, пацiснуўшы плячыма. - Я сам яго добра не ведаю, - дадаў ён, - бо цэлымi днямi дома яго не бывае.
Праз паўгода я прыйшоў сюды другi раз.
- А сёння лiхтарнiк дома?
- Дзе там! - сказаў дворнiк. - Няма i не будзе. Учора яго пахавалi. Памёр.
Дворнiк задумаўся.
Распытаўшы яго, куды мне ехаць i як знайсцi, я паехаў на могiлкi.
- Пакажыце мне, калi ласка, дзе тут учора пахавалi лiхтарнiка?
