- Калi ласка, калi ласка.

- Божа мой! Вось яшчэ мне клопат! Капайся, разварушвай успамiны... I потым гэта даволi доўга, а вы заўсёды спяшаецеся. Ёсць у вас час цi вы проста так?..

- Ёсць, ёсць. Я вас слухаю.

- Ну што ж, паспрабую... Скiнем дваццаць гадоў. Была я тады ўдава, i вельмi маладая... Вы памятаеце майго першага мужа? Я выйшла замуж па волi бацькоў за чалавека значна за мяне старэйшага, да якога я адчувала прыхiльнасць, ну так, прыхiльнасць, як дачка да бацькi. Я любiла яго, мабыць, ад вялiкай удзячнасцi, але радасцi асаблiвай не мела. Праз тры гады ён памёр, пакiнуўшы мне немалы дастатак, так што раптам, пасля апекi раднi i пасля мужавай апекi, я вырвалася на прастор, стала гаспадыняй сваiх учынкаў i свайго лёсу. Без пахвальбы магу сказаць, была я тады нiшто сабе, даволi прыгожая.

- Я сказаў бы: вельмi прыгожая.

- Дапусцiм, калi вам так хочацца... Але як бы там нi было, кавалеры круцiлiся каля мяне роем. Маiм абраннiкам стаў малады амерыканец Джэк Паркер. Некаторыя з французаў, яго сапернiкi, падабалiся мне больш. Яны падзялялi мае густы, умелi дагаджаць, гаварыць камплiменты. Джэк чытаў мала, у музыцы не разбiраўся, прызнаваў толькi джаз i блюзы, а ў жывапiсе трымаўся за моду, як дзiця за няньку. У каханнi прызнавацца не ўмеў, хоць ты яго за язык цягнi. Заляцаўся ён прымiтыўна: возьме мяне за рукi ў кiно, у тэатры альбо вечарам у парку пры святле месяца i скажа: "Сiмпатычная вы..."

Чалавек як быццам нудны. Аднак я ахвотна бавiла з iм час. Ён мне здаваўся надзейным, шчырым. Было тое самае адчуванне бяспекi, што пазней пры першым зблiжэннi з маiм цяперашнiм мужам. Iншыя мае сябры вагалiся, не ведалi, куды iм падацца:у мужы цi ў палюбоўнiкi. Балбатнi хоць адбаўляй, а яснасцi нiякай. З Джэкам iншая справа. Сама думка аб часовай сувязi наводзiла на яго жах. Ён хацеў ажанiцца са мной, завезцi мяне ў Амерыку i каб я яму нарадзiла двое дзяцей, прыгажунчыкаў, кучаравых, як ён, з прамымi носiкамi, павольнай гутаркай трошкi ў нос, i такiх жа наiўных. Ён быў вiцэ-прэзiдэнт банка з перспектывай стаць яго прэзiдэнтам i гаспадаром. Ва ўсякiм разе ў нас было б усё, што нам трэба, i самы раскошны аўтамабiль. Так ён уяўляў сабе жыццё.



2 из 14