
Павiнна вам прызнацца, я спакусiлася. Гэта вас дзiвiць?.. Але ж яно зусiм у маёй натуры. Жанчыну з характарам складаным, супярэчлiвым, вабiлi цэльнасць i прастата. Адносiны з раднёй у мяне былi дрэнныя, i, выехаўшы ў Злучаныя Штаты, я б вызвалiлася ад прычэпак i прэтэнзiй. Пасля некалькiх месяцаў стажыроўкi ў парыжскiм фiлiяле Джэк збiраўся вярнуцца ў Ню-Ёрк. Развiтваючыся, я дала яму слова прыехаць туды i выйсцi за яго замуж. Заўважце, што я не была яго палюбоўнiцай. I зусiм не ад упартасцi: я б уступiла, каб ён настаяў... А толькi ён не адважыўся. Джэк быў шчыры амерыканскi католiк, трымаўся звычаяў строгiх i хацеў са мной павянчацца: касцёл Святога Патрыка, Пятае авеню, шаферы ў жакетах з белымi гваздзiкамi ў пятлiцы, шаферкi ў муслiнавых плаццях... Вядома, я была не супраць такога вяселля.
Мы дамовiлiся, што я прыеду ў красавiку. Джэк павiнен быў заказаць мне бiлет на самалёт. Я была так упэўнена, што пералячу акiян на самалёце французскай кампанii, што нават не палiчыла патрэбным яму пра гэта сказаць. У апошнi момант я атрымала бiлет Парыж - Лондан i Лондан - Ню-Ёрк ад кампанii амерыканскай, якая ў той час прамой лiнii да Парыжа не мела. Гэта крыху сапсавала мне настрой, але жанчына я лагодная, вы гэта ведаеце, i, каб не рабiць нiкому турбот, згадзiлася ляцець з перасадкай. У Лондан я павiнна была прыбыць а сёмай гадзiне ўвечары, паабедаць у аэрапорце i вылецець у Ню-Ёрк тады ж у дзевяць гадзiн.
Вы любiце аэрадромы? Мне яны страшэнна падабаюцца. Яны чысцейшыя i больш сучасныя, чым вакзалы на чыгунках. Акуратнасць, як у аперацыйнай. Галасы на незнаёмых мовах, скалечаныя дынамiкамi, клiчуць пасажыраў у гарады далёкiя i дзiвосныя. Праз шырокiя шыбы вiдаць, як прызямляюцца i ўзлятаюць паветраныя гiганты. Гэта фантастычна i мае сваё хараство. Я паабедала, потым спакойненька села ў ангельскае крэсла, падобнае на купiну моху, i тут з дынамiкаў да мяне данеслася доўгая фраза, сэнсу якой я не ўлавiла, але пачула слова "Ню-Ёрк" i нумар майго рэйса. Устрывожыўшыся, я азiрнулася. Пасажыры ўставалi.
