Яны доўга i зацята спрачалiся. Але ён нарэшце згадзiўся, бо старая мерылася пайсцi i час мiнаў, а збажына сама не ссыпалася ў мяхi.

- Добра, згода, шэсць франкаў за ўсё разам з абмываннем цела.

- Згода, шэсць франкаў.

I ён пашыбаваў да сваёй пшанiцы, якая пачаўрэла ад спякотнага, але шчодрага на ўраджай сонца.

Наймiчка вярнулася дахаты.

Яна прыхапiла з сабою бялiзну, бо не кiдала працы нават помеж з нябожчыкамi i хворымi i ўвесь час нешта мыла, цi то сабе, цi то сям'i, якая наймала яе i плацiла за дзве работы разам.

Раптам яна спыталася:

- Цi паспавядалiся вы, цётка Бантан?

Хворая варухнула галавой, i набожная Рапэ адразу падхапiлася:

- Божачкi Iсусе, цi можна так? Я паляцела да плябана.

I яна так хутка памкнула да плябанii, што дзецi, якiя гулялi на плошчы, адразу зразумелi - хтосьцi памiрае.

Неўзабаве паказаўся святар у белым стыхары, наперадзе ў яго iшоў хлопчык-харыст i званiў у званок, каб абвясцiць, што яшчэ адна душа заручаецца з Богам у гэтай гарачай цiхай вёсцы. Мужчыны, занятыя працай, здалёк здымалi шырокiя брылi i не краталiся, аж пакуль белая вопратка не знiкала за хатай; вязальнiцы снапоў разгiналi спiны i жагналiся; перапалоханыя чорныя куры, куляючыся на лапках, уцякалi ўздоўж равоў i хавалiся ў добра iм вядомых дзiрках; кураня, навязанае шнурком за нагу, вар'яцела ад выгляду стыхара i з цiўканнем бегала кругамi. Хлопчык у чырвонай споднi спяшаўся, святар, схiлiўшы набок галаву з квадратным капялюшыкам, з цiхiмi малiтвамi ступаў следам; Рапэ, пераламаная напалам, як бы збiралася ўкленчыць на хаду i, склаўшы рукi перад сабой, як на iмшы, клыпала ззаду.

Анарэ здалёк заўважыў iх i спытаўся:

- Да каго гэта наш плябан?

Кемлiвы парабак адказаў:

- Да каго? Iдзе запрашаць Бога да тваёй мацi!

Мужык не здзiвiўся:

- Добра, добра, хай iдзе!

I зноў узяўся за работу.



4 из 6