
II
Прачнуўшыся, я зразумеў, чаму ў патрона быў такi незадаволены выгляд, калi я папрасiў два днi. Сёння ж субота! А я, што называецца, зусiм пра гэта забыўся. I ўспомнiў толькi цяпер, калi ўстаў. А патрон, вiдаць, яшчэ тады падлiчыў, што мне выпадае чатыры вольныя днi (бо наперадзе ў нас нядзеля), i яму гэта, натуральна, не магло спадабацца. Але па-першае, у тым, што маму вырашылi хаваць учора, а не сёння, маёй вiны няма, а па-другое - так цi iнакш, субота i нядзеля ўсё роўна былi б мае. I ўсё ж патрона можна зразумець.
Устаць было вельмi цяжка: дужа стамiўся за ўчорашнi дзень. Пакуль галiўся, думаў, чым бы заняцца. Вырашыў пайсцi на пляж. Сеў у трамвай i даехаў да купальняў у партовым залiве. Там я паднырнуў у праход i выплыў у мора. Было шмат моладзi. У вадзе я натрапiў на Мары Кардону, былую машынiстку з нашай канторы. Тады мяне вельмi вабiла да яе. I яе да мяне, здаецца, таксама. Але яна хутка звольнiлася, i нам не хапiла часу... Я дапамог ёй залезцi на бакен i ў гэты момант дакрануўся да яе грудзей. Я быў яшчэ ў вадзе, а яна легла на бакене на жывот i павярнулася да мяне. На вочы ёй спадалi валасы, яна смяялася. Я ўскараскаўся на бакен i лёг побач. Было вельмi хораша. Нiбы жартам, я адкiнуў галаву назад i палажыў яе Мары на жывот. Яна нiчога не сказала, i я застаўся ляжаць. Перад вачыма ў мяне было ўсё неба, яно было блакiтнае i залачонае сонцам. Патылiцай я адчуваў, як жывот у Мары мякка пульсуе. Мы яшчэ доўга ляжалi на бакене, у салодкай дрымоце. Калi сонца пачало занадта пячы, Мары скочыла ў ваду, i я за ёй. Я дагнаў яе, абняў рукою за талiю, i мы паплылi разам. Яна ўвесь час смяялася. На пляжы, пакуль мы сохлi, яна сказала:
