
Вакол быў той самы, залiты сонечным святлом абшар. Неба невыносна зiхцела. Пэўны час мы iшлi па нядаўна адрамантаваным участку дарогi. Асфальт плавiўся пад сонцам. Ногi гразлi, па беразе разлiвалася блiскучая мякаць. Над катафалкам калываўся цыратавы фурманаў капялюш, нiбыта зроблены з гэтай чорнае масы. Ад безлiчы манатонных адценняў мне рабiлася нiякавата: сiняе неба, белыя аблокi, клейка-чорны асфальт, змрочна-чорнае адзенне, блiскуча-чорны катафалк. А тут яшчэ сонца, пах скуры, конскага гною, лаку, кадзiла, стома ад бяссоннай ночы ад усяго гэтага ў вачах i ў думках у мяне ўсё паплыло. Я зноў азiрнуўся, i мне здалося, што Перэс ужо недзе вельмi далёка, ён губляўся ў спякотнай смузе i нарэшце знiк зусiм. Я пашукаў яго вачыма i ўбачыў, што стары збочыў з дарогi i iдзе напрасткi, цераз поле. Наперадзе была паваротка. Я зразумеў, што Перэс, добра ведаючы тутэйшыя мясцiны, пайшоў найкарацейшай дарогай, каб нас дагнаць. На паваротцы яму гэта ўдалося. Потым мы зноў згубiлi яго. Але ён зноўку дагнаў нас полем - i так было шмат разоў. Я ўжо адчуваў, як у скронях у мяне тахкае кроў.
Потым усё пайшло так хутка, з такою ўпэўненасцю i настолькi натуральна, што я ўжо нiчога не магу прыгадаць. Бадай, адно толькi ўбiлася ў галаву: на ўездзе ў вёску санiтарка сказала мне некалькi слоў. У яе быў дзiўны голас меладычны i трапяткi, ён нiяк не клаўся да яе кашчавага твару. Яна сказала:
- Калi iдзеш павольна - рызыкуеш атрымаць сонечны ўдар, а як iдзеш хутка, дык увесь спацееш, i потым, у царкве, ад сырасцi можна прастудзiцца.
Яна мела рацыю. I так, i гэтак - выйсця не было.
У памяцi захавалiся яшчэ некалькi ўспамiнаў пра гэты дзень: напрыклад, памятаю твар Перэса, калi ён апошнi раз дагнаў нас перад вёскай. Па шчоках у яго кацiлiся буйныя слёзы - вiдаць, ён вельмi нерваваўся i быў, апроч таго, стомлены. Твар у яго быў такi маршчынiсты, што слёзы са шчок не сцякалi, а адно расплывалiся, хавалiся ў зморшчынках i залiвалi змардаванае аблiчча суцэльным бляскам.