
III
У канторы сёння давялося добра папрацаваць. Патрон быў да мяне вельмi прыязны, запытаўся, цi не надта я стомлены, i пацiкавiўся, колькi маме было год. Каб не памылiцца, я адказаў: "За шэсцьдзесят". Яму адразу чамусьцi палегчала, ён, вiдаць, палiчыў, што справа на гэтым скончана i гаварыць больш няма пра што.
Стол у мяне быў завалены цэлай кучай паперы, рознымi дакументамi, i ўсё гэта трэба было неяк разабраць. Перад снеданнем, як заўжды, пайшоў памыць рукi. Апоўднi рабiць гэта вельмi прыемна - не тое што ўвечары: ручнiк тады ўжо зусiм мокры - усе ж карыстаюцца iм цэлы дзень. Аднойчы я сказаў пра гэта патрону. Але ён толькi паспачуваў i заўважыў, што, увогуле, гэта дробязь, не вартая ўвагi. Сёння я выйшаў крыху пазней - а палове першай - з Эманюэлем, якi працуе ў экспедыцыi. Кантора наша выходзiць на мора, i мы нейкi час яшчэ забавiлiся каля дзвярэй, пазiраючы на гандлёвыя судны ў блiскучым ад сонца залiве. Тут з-за павароткi, бразгаючы ланцугамi i страляючы выхлапною трубой, выехаў грузавiк. Эманюэль сказаў: "Давай мо падчэпiмся?" I я пабег. Грузавiк паспеў праехаць крыху наперад, i мы кiнулiся даганяць. З усiх бакоў нас агарнуў грук, ляскат i пыл. Я ўжо нiчога не бачыў, нiчога не адчуваў i адно як апантаны нёсся сярод лябёдак i партовых кранаў, паўз судны каля прычалаў i мачты, што танцавалi на хвалях каля далягляду. Я першы ўхапiўся за борт i з лёту ўскочыў у кузаў. Потым дапамог Эманюэлю. Мы абодва задыхалiся. Грузавiк тросся па няроўным бруку сярод пылу i сонца. Эманюэль заходзiўся ад смеху.
