- Была ў мяне адна знаёмая... ну, каханка, так сказаць...

Чалавек, з якiм ён пабiўся, быў брат той жанчыны. Сэнтэс сказаў, што яна жыла за яго грошы. Я змоўчаў. I тады ён прызнаўся, што ведае, якiя чуткi пра яго ходзяць у квартале, але сумленне ў яго чыстае - ён сапраўды працуе кладаўшчыком.

- Дык вось, пра гэту каханку, - сказаў ён. - Заўважыў я аднойчы, што нешта яна махлюе.

Ён даваў ёй акурат столькi грошай, каб iх ставала на жыццё. Сам плацiў за пакой, дзе яна жыла, i яшчэ кожны дзень выдаткаваў дваццаць франкаў на ежу.

- Трыста франкаў за пакой, шэсцьсот - за ежу ды часам яшчэ пару панчох ёй куплю - карацей, на месяц выходзiла тысяча франкаў. Паненка нават не працавала. А мне яшчэ скардзiлася - ёй гэтага, бач, у абрэз, за такiя грошы яна, маўляў, па-людску жыць не можа. Ну, я ёй кажу: "А чаму б табе хоць палову дня не працаваць? Пазбавiла б мяне ад усiх гэтых дробных выдаткаў. Я вунь табе i гарнiтур не так даўно купiў, i дваццаць франкаў штодня даю, за пакой табе плачу, а ты? Ты ж адно каву са сваiмi сяброўкамi можаш пiць. Кавай з цукрам яна iх частуе, бачыце! Я табе грошы даю, я табе ўсё, а ты мне што - нiчога? Але працаваць яна так i не пайшла, адно дзяўбла мяне ды дзяўбла - не можа яна жыць па-людску, i ўсё тут. Ну, тады я i ўцямiў, што нешта тут, вiдаць, не чыста, махлярства нейкае.

Раймон расказаў, што аднойчы знайшоў у яе ў сумцы латарэйны бiлет, а яна так ладам i не здолела растлумачыць, за якiя такiя грошы яго купiла. Пасля зноў - знайшоў квiток з ламбарда, а там напiсана, што яна залажыла дзве бранзалеткi. Ён дык i ведаць не ведаў, што ў яе ёсць нейкiя бранзалеткi!

- Ну, тут ужо я адразу ўбачыў - круцiць. I кiнуў яе. Спачатку, праўда, адлупцаваў як след. I сказаў усё, што пра яе думаю. Табе, кажу, адно карцiць каб у ложку бавiцца з кiм папала, шлюха ты, вось i ўсё. Разумееце, пане Мёрсо, так ёй i сказаў: "Я табе ўсё даю, а ты не бачыш нiчога, не бачыш, як табе зайздросцяць усе, шчасцю твайму. А вось калi зразумееш, якое шчасце ў цябе было, дык позна будзе".



20 из 85