Выходзячы ад яго, я зачынiў дзверы i пэўны час стаяў на лесвiцы ў поўнай цемры. У доме было цiха, з глыбiнi лесвiчнай клеткi павяваў змрочны, вiльготны ветрык. Я адчуваў, як у вушах у мяне тахкае кроў. Я стаяў нерухома. Але ў кватэры ў старога Саламано раптам глуха заскавытаў сабака.

IV

Увесь тыдзень шчыраваў у канторы. Прыходзiў Раймон, сказаў, што лiст ён ужо адаслаў. Два разы хадзiлi з Эманюэлем у кiно. Ён не заўсёды добра разумее, што адбываецца на экране. Тады прыходзiцца яму тлумачыць. Учора была субота, i да мяне, як мы i дамаўлялiся, прыходзiла Мары. Я адразу вельмi захацеў яе, бо на ёй была прыгожая сукенка ў чырвоную i белую палоску i скураныя сандалi. Пад сукенкай угадвалiся пругкiя грудзi, i ад сонечнага загару твар быў прыгожы, як кветка. Мы селi ў аўтобус i паехалi за некалькi кiламетраў ад Алжыра на маленькi пляж, зацiснуты памiж скал i з усiх бакоў зарослы чаротам. А чацвёртай гадзiне сонца пякло ўжо не так моцна, але вада была цёплая i плёскалася на бераг доўгiмi ленаватымi хвалькамi. Мары навучыла мяне адной гульнi. Калi плывеш, трэба з самага грэбеня хвалi ўхапiць глыток i набраць поўны рот шуму, а пасля - легчы на спiну i выпусцiць яго ў неба. Тады ён разлятаецца пенiстым веерам у паветры i знiкае цi спадае цёплай iмжой на твар. Але хутка ў роце ў мяне пачало пячы i на языку зрабiлася горка ад марской солi. Мары падплыла, прыгарнулася да мяне ўсiм целам i пацалавала ў вусны. Яе язык прыемна асвяжаў мне рот. Мы яшчэ крыху паплёскалiся на хвалях.

Потым выйшлi на пляж i апранулiся. Мары глядзела на мяне блiскучымi вачыма. Я абняў i пацалаваў яе. Пасля мы больш не размаўлялi. Я прыцiснуў яе да сябе, i мы заспяшалiся на аўтобус, каб хутчэй вярнуцца ў горад, прыйсцi да мяне i кiнуцца ў ложак. Я пакiнуў акно адчыненае, i было прыемна адчуваць, як летняя ноч абцякае нашы апаленыя сонцам целы.

Ранкам Мары засталася ў мяне, i я сказаў, што зараз мы будзем снедаць. Я схадзiў у лаўку па мяса i, вяртаючыся, пачуў у Раймонавай кватэры жаночы голас.



23 из 85