
Мы выйшлi, у кавярнi Раймон пачаставаў мяне чаркай гарэлкi. Потым яму захацелася згуляць партыю ў бiльярд, але я пудлаваў увесь час i прайграў. Пасля ён прапанаваў пайсцi ў бардэль, але я адмовiўся, бо не люблю такiх рэчаў. Мы пацiху пайшлi назад, i ён увесь час расказваў, якi ён задаволены, што правучыў сваю кралю. Па-мойму, ён ставiўся да мяне вельмi прыязна, i я падумаў, што мы някепска прабавiлi час.
Яшчэ здалёк я заўважыў, што на парозе нашага дома стаiць стары Саламано i выгляд у яго нейкi ўзрушаны. Калi мы падышлi блiжэй, я ўбачыў, што ён без сабакi. Ён азiраўся вакол, круцiўся на месцы, намагаўся нешта разгледзець у цемры пад'езда, мармытаў бязладныя словы i зноў пачынаў шнарыць па вулiцы пачырванелымi вочкамi. Раймон запытаўся, што здарылася, але стары нiчога не адказаў. I я толькi цьмяна пачуў, як ён шапнуў: "Свалата, падла", - i зноў пачаў круцiцца ва ўсе бакi. Я папытаўся, дзе яго сабака. Ён раздражнёна адказаў:
- Уцёк! - i раптам скорагаворкай забалбатаў: - Павёў я яго на Манёўравы пляц, як звычайна. А там народу, кiрмаш, балаганы з артыстамi прыехалi. Ну, спынiўся я - паглядзець "Караля-ўцекача". А як сабраўся пайсцi, глянь, а яго ўжо i след прастыў. Праўда, даўно ўжо трэба было яму аброжак вужэйшы купiць. Ды каб жа я ведаў, што гэтая падла вось так возьме дый уцячэ.
Раймон пачаў яму тлумачыць, што сабака, мабыць, проста заблудзiўся i яшчэ вернецца. Ён расказаў некалькi выпадкаў, калi сабакi прабягалi дзясяткi кiламетраў, каб вярнуцца да свайго гаспадара. Але стары яшчэ больш занепакоiўся:
- Ды як жа вы не разумееце, яго ж заб'юць. Хай бы яшчэ падабраў нехта. Ды дзе ўжо там - каму ён са сваiмi шолудзямi патрэбен, усе гiдзiцца будуць. Сцапаюць гiцлi - вось i ўсё.
Тады я сказаў, што яму варта схадзiць на скуралупню - заплацiць там штраф за паслугi, i сабаку яму аддадуць. Стары папытаўся - цi вялiкi трэба плацiць штраф? Я не ведаў. Тады ён усхадзiўся:
