- Даваць грошы за гэтую падлу! Ага! Ды хай сабе спруцянее!

Ён зноў пачаў лаяцца. Раймон засмяяўся i пайшоў у дом. Я рушыў следам, i на лесвiчнай пляцоўцы мы развiталiся. Праз хвiлiну пачулiся крокi старога. Ён падышоў да маiх дзвярэй i пастукаўся. Я адчынiў. Стары крыху памуляўся каля парога i сказаў:

- Прабачце... прабачце, калi ласка...

Я запрасiў яго зайсцi, але ён не захацеў. Ён стаяў у дзвярах i глядзеў на наскi сваiх чаравiкаў, яго шалудзiвыя рукi дрыжалi. Не падымаючы галавы, ён спытаў:

- Скажыце, пане Мёрсо, яны ж не забяруць яго ў мяне? Яны ж яго аддадуць? Бо як жа я, што ж мне без яго?

Я сказаў, што на скуралупнi сабак трымаюць тры днi - на выпадак, калi знойдзецца гаспадар, а тады ўжо робяць з iмi ўсё, што захочуць. Ён моўчкi паглядзеў на мяне. I потым сказаў:

- Дабранач.

Стары пайшоў да сябе, i я пачуў, як ён ходзiць сюды-туды па кватэры. Потым рыпнуў ложак. I па дзiўных, прыглушаных гуках, якiя данеслiся з-за сцяны, я зразумеў, што стары плача. Не ведаю чаму, я падумаў пра маму. Але заўтра трэба было рана ўставаць. Есцi не хацелася, i я лёг спаць без вячэры.

V

У кантору да мяне затэлефанаваў Раймон. Ён сказаў, што гутарыў пра мяне з адным сваiм прыяцелем i той запрашае нас на нядзелю паехаць за горад - у яго там свая хатка. Я адказаў, што ўвогуле не пярэчу, але паабяцаў ужо гэты дзень адной сяброўцы. Раймон адразу заявiў, што сяброўку таксама можна ўзяць з сабой. Прыяцелева жонка толькi парадуецца, што будзе ў мужчынскай кампанii не адна.

Я ўжо хацеў павесiць слухаўку, бо ведаю, як патрон не любiць, калi нам тэлефануюць з горада. Але Раймон папрасiў не спяшацца, запрашэнне ён мог бы перадаць i ўвечары i звонiць цяпер таму, што хоча папрасiць у мяне нешта яшчэ. Увесь дзень за iм ходзяць некалькi арабаў, i сярод iх - брат той яго былой каханкi.

- Калi будзеш вяртацца з працы i ўбачыш яго каля дома, папярэдзь мяне.



27 из 85