У мяне былi яшчэ нейкiя думкi наконт гэтага, але ўвагу адцягнула бразгатанне звону, што даносiлася аднекуль з багадзельнi. За вокнамi пачалася нейкая валтузня, потым усё сцiхла. Сонца паднялося вышэй i пачынала ўжо саграваць ногi. Цераз двор прайшоў брамнiк, ён сказаў, што мяне клiча дырэктар. Я пайшоў у кабiнет. Дырэктар даў мне падпiсаць даволi многа нейкiх папер. Я заўважыў, што ён апрануты ва ўсё чорнае, толькi нагавiцы паласатыя. Ён узяў у рукi тэлефон i запытаўся:

- Службоўцы з пахавальнага бюро ўжо тут. Я зараз паклiчу iх зачынiць труну. Мабыць, вы хочаце апошнi раз зiрнуць на сваю мацi?

Я адказаў:

- Не.

Тады ён загадаў у слухаўку прыцiшаным голасам:

- Фiжак, скажыце сваiм, каб пачыналi.

Потым ён паведамiў мне, што таксама будзе на пахаваннi. Я падзякаваў. Ён сеў за стол, закiнуў адну на адну караценькiя ногi i папярэдзiў, што, апроч нас, на пахаваннi нiкога не будзе, пойдзе яшчэ толькi адна санiтарка. Паводле правiлаў прытулку яго жыхары на пахаванне не дапускалiся. Iм дазвалялася толькi пасядзець каля труны. "Я лiчу, што так яно чалавечней", - сказаў ён. Але сёння дырэктар дазволiў аднаму з старых мамiных сяброў правесцi яе на могiлкi. "Яго завуць Томас Перэс". Тут дырэктар усмiхнуўся.

- Вы, вядома, разумееце. Гэта было нейкае такое дзiцячае дзiвацтва. Але яны з вашаю мацi былi неразлучныя. З iх у прытулку нават трошкi кпiлi, казалi Перэсу: "Гэта твая нявеста". А ён смяяўся. Iм абодвум гэта было прыемна. I трэба сказаць, што смерць панi Мёрсо вельмi яго засмуцiла. Я быў няздольны яму адмовiць. Але паводле парады лекара, якi часта да нас прыходзiць, я ўчора забаранiў яму сядзець каля труны.

Мы доўга сядзелi моўчкi. Дырэктар падняўся i зiрнуў у акно. Потым ён некага там заўважыў i сказаў:

- Ну вось, з Марэнга ўжо прыйшоў свяшчэннiк. Нешта ён рана.

Дырэктар папярэдзiў, што пешкi давядзецца iсцi хвiлiн сорак пяць тутэйшая царква аж у самай вёсцы. Мы выйшлi на двор. Каля трупярнi стаяў свяшчэннiк i два хлопчыкi з хораў. Адзiн з iх трымаў у руцэ кадзiла, а свяшчэннiк, схiлiўшыся над iм, раўняў даўжыню срэбных ланцужкоў. Калi мы падышлi, свяшчэннiк выпрастаўся. Ён назваў мяне "сын мой" i сказаў яшчэ некалькi слоў. Потым ён зайшоў у трупярню, я рушыў за iм.



8 из 85