Я адразу заўважыў, што шрубы на труне ўжо закручаныя i ў пакоi стаяць чатыры мужчыны ў чорным. Дырэктар сказаў, што катафалк чакае на дарозе. Свяшчэннiк пачаў чытаць малiтвы. З гэтай хвiлiны ўсё пайшло вельмi хутка. Людзi падышлi да труны, захiнулi яе покрывам. Свяшчэннiк, служкi i я з дырэктарам - выйшлi. Каля дзвярэй стаяла нейкая незнаёмая жанчына. Дырэктар мяне назваў: "Пан Мёрсо". Iмя жанчыны я не пачуў i толькi зразумеў, што гэта i ёсць санiтарка. Без нiякай усмешкi яна прыхiлiла доўгi кашчавы твар. Потым мы расступiлiся, каб даць вынесцi цела, i рушылi следам за труной. За брамай стаяў катафалк. Ён быў доўгi, лакiраваны i блiскучы i нагадваў вучнёўскi пенал. Побач з катафалкам стаяў распараднiк працэсii - карантыш у дзiвотным адзеннi - i нейкi дзядок ненатуральнага выгляду. Я зразумеў, што гэта Перэс. На iм быў фетравы капялюш з круглым верхам i шырокiм брылём (ён зняў яго, калi труну вынеслi з брамы), гарнiтур з закручанымi вакол ног калашынамi нагавiцаў, якiя маршчынiлiся над чаравiкамi, i чорны, завязаны вузлом гальштук, якi глядзеўся занадта маленькiм пад шырокiм каўнерам яго белай кашулi. Вусны старога дрыжалi пад навiслым, з чорнымi кропкамi носам. З-пад сiвых, вельмi тонкiх валасоў тырчалi дзiўныя - вялыя i бясформенныя вушы, мяне ўразiў iх крывава-чырвоны колер, якi нiяк не клаўся да змярцвела-бледнага твару. Распараднiк паказаў, дзе хто павiнен iсцi. Спачатку свяшчэннiк, потым катафалк. Абапал, па рагах, чатыры мужчыны. Ззаду - мы з дырэктарам, i ў канцы працэсii - санiтарка i Перэс.

Неба было ўжо ўсё залiтае сонцам. Пачынала прыпякаць, i спёка хутка мацнела. Не ведаю чаму, мы яшчэ доўга чагосьцi чакалi.



9 из 85