Паадчынялiся iншыя дзверы, з iх павыходзiлi мужчыны ў начных кашулях са свечкамi ў руках. Я кiнулася ў абдымкi аднаму з iх, просячы ў яго ратунку. Ён рушыў да майго мужа.

Што было далей - я не ведаю. Яны бiлiся, крычалi, а пасля пачалi смяяцца, але так смяяцца, што ты не можаш сабе ўявiць. Смяяўся ўвесь гатэль, ад склепа да гарышча. З калiдораў даносiлiся гучныя выбухi весялосцi, iншыя грымелi ў пакоях наверсе. Кухцiкi смяялiся на паддашку, а швейцар душыўся смехам на матрацы ў вестыбюлi! Уявi сабе - у гатэлi!

Пасля я зноў апынулася сам-насам з мужам, якi даў мне некалькi агульных тлумачэнняў, як тлумачаць хiмiчны эксперымент перш чым яго правесцi. Ён быў вельмi незадаволены. Я плакала, пакуль не настаў дзень, i як толькi гатэль расчынiў дзверы, мы паехалi адтуль.

I гэта яшчэ не ўсё.

Наступнага дня мы прыехалi ў Пурвiль - маленькi курорт, якi толькi пачалi будаваць. Мой муж прыставаў да мяне са сваiмi дагаджаннямi i пяшчотамi. Першае незадавальненне прайшло, i цяпер ён быў проста зачараваны. А я, саромеючыся маёй прыгоды днём раней, была вельмi ласкавая i паслухмяная. Але ты сабе не ўяўляеш, якi жах, якую агiду, амаль нянавiсць абуджаў ува мне Анры пасля таго, як я даведалася пра той ганебны сакрэт, якi так страшна хаваюць ад маладых паннаў. Я была ў роспачы, мне было да смерцi смутна, мне не давала спакою жаданне вярнуцца да маiх бедных бацькоў. Праз дзень мы прыехалi ў Этрэта. Там сярод адпачывальнiкаў быў пярэпалах: толькi што памерла ад шаленства маладая жанчына, якую ўкусiў маленькi сабачка. Я адчула дрыготку ў слiне, калi пачула пра гэта за сталом. Мне адразу ж здалося, што ў мяне балiць нос, i я адчула жахлiвую немач ва ўсiм целе.

Я не спала ўсю ноч, я зусiм забылася пра мужа. Што, калi i я памру ад шаленства! Ранiцай я спыталася ў метрдатэля пра падрабязнасцi. I падрабязнасцi былi самыя жахлiвыя. Увесь дзень я гуляла па стромах. Я больш нi з кiм не размаўляла. Я думала. Шаленства! Якая жахлiвая смерць! Анры пытаўся ў мяне: "Што з табой? Ты нейкая смутная", я адказвала: "Нiчога, усё добра". Мой позiрк блукаў па моры, па фермах, па роўнядзi палёў, але я нiчога не бачыла. Нiзавошта ў свеце я б не прызналася, якая думка мяне гняце. Нейкi сапраўдны боль працяў мой нос. Мне захацелася вярнуцца.



4 из 8