
Вярнуўшыся ў гатэль, я зачынiлася, каб паглядзець на рану. Не было болей сумнення, яна балела.
Я адразу ж напiсала мацi кароценькi лiст, якi напэўна здаўся ёй дзiўным. Я патрабавала неадкладнага адказу на зусiм дробязныя пытаннi. I ў канцы прыпiсала: "I не забудзьцеся, калi ласка, напiсаць пра Бiжу".
Наступнага дня я не магла есцi, але ўсё ж адмовiлася пайсцi да лекара. Я прасядзела ўвесь дзень на пляжы, назiраючы за купальшчыкамi ў вадзе. Яны былi розныя, тоўстыя, худыя,вельмi брыдкiя ў сваiх купальных гарнiтурах, але мне было не да высмейвання. Я думала: "Шчаслiвыя! Iх нiхто не ўкусiў. Яны будуць жыць! Яны нiчога не баяцца. Яны могуць весялiцца, колькi захочуць. Iм добра!"
Штохвiлiны я абмацвала нос, каб даведацца, цi ён не распух. Вярнуўшыся ў гатэль, я адразу ж замкнулася ў пакоi, каб паглядзецца ў люстра. Калi б мой нос змянiў колер, я б напэўна памерла на месцы.
Увечары я раптам адчула нейкую роспачную пяшчотнасць да мужа. Ён здаўся мне добрым, я абаперлася на яго руку. Дваццаць разоў я збiралася выдаць яму мой жахлiвы сакрэт, але не адважвалася.
Ён брыдка скарыстаў маю бездапаможную адданасць, прыгнечанасць маёй душы. У мяне ўжо не засталося нi моцы, нi нават жадання яму працiвiцца. Я магла стрываць усё! Наступнага дня я атрымала лiст ад мацi. Яна адказала на мае пытаннi, але нiчога не напiсала пра Бiжу. Я адразу падумала: "Ён памёр, i ад мяне гэта хаваюць". Мне захацелася бегчы на тэлеграф i даслаць тэлеграму. Мяне спынiла думка: "Калi ён папраўдзе памёр, мне пра гэта ўсё роўна не скажуць". I я асудзiла сябе яшчэ на два днi пакутаў. Тады я зноў напiсала. Я прасiла, каб мне даслалi майго сабачку, бо мне тут трошкi сумна.
