Па абедзе мяне ахапiла лiхаманка. Я не магла падняць шклянку з вадой, не вылiўшы паловы. Стан маёй душы быў безнадзейны. Калi настаў вечар, я ўцякла ад мужа i пабегла ў царкву. Я доўга малiлася.

Вяртаючыся, я адчула новыя болi ў носе i зайшла да аптэкара. Я расказала яму пра адну маю сяброўку, якую ўкусiў сабака, i спыталася парады. Гэта быў мiлы чалавек, вельмi паслужлiвы. Ён даў мне шмат парадаў. Але мой розум быў такi стомлены, што я нiчога не запомнiла, акрамя аднаго: "Прамыванне страўнiка было б вельмi пажаданае". Я купiла некалькi бутэлечак не ведаю чаго, быццам бы дзеля таго, каб паслаць iх сяброўцы.

Сабакi, якiх я сустракала на вулiцы, абуджалi ўва мне страх i агiду, i мне хацелася бегма бегчы ад iх. Часам мне здавалася, што мне хочацца iх укусiць.

Я мела вельмi неспакойную ноч. Мой муж скарыстаў гэта. Наступнага дня я атрымала адказ ад мацi. "Бiжу, - пiсала яна, - адчувае сябе выдатна. Але выслаць яго чыгункай мы не наважымся, бо паставiлi б яго пад небяспеку". Значыць, мне не хочуць яго выслаць. Ён памёр!

Я зноў не спала ўначы. Анры хроп. Ён прачынаўся некалькi разоў. Гэта канчаткова вычарпала мае сiлы.

Наступнага дня я купалася ў моры. Мне ледзь не зрабiлася нядобра ад холаду, калi я ўваходзiла ў ваду. Мяне затрэсла ад гэтага ледзянога холаду, ногi аж калацiлiся. Але нос ужо зусiм не балеў.

Я выпадкова пазнаёмiлася з лекарам, курортным iнспектарам, цудоўным чалавекам. З незвычайным умельствам я павярнула гаворку на патрэбную мне тэму. Я прызналася, што колькi дзён таму мяне ўкусiў мой сабачка, i спыталася, што трэба рабiць, калi пачнецца запаленне. Ён засмяяўся i сказаў: "У вашым становiшчы ёсць толькi адно выйсце - вам патрэбны новы маленькi носiк".

Я не зразумела, i ён дадаў:

- Зрэшты, гэта ўжо справа вашага мужа.

Я так i не даведалася нiчога новага i развiталася з iм.



6 из 8