Хтосьцi зласлiвы, ведаючы, як мецэнат ненавiдзiць шарманку, прыдумаў брыдкi жарт - паслаў пад вокны яго двух шарманшчыкаў. Пан Томаш захварэў са злосцi, а потым, выкрыўшы вiнаватага, выклiкаў яго на паядынак.

Прыйшлося ажно суд гонару склiкаць, каб не дапусцiць да пралiцця крывi з-за такой, гледзячы збоку, дробязнай прычыны.

Дом, у якiм жыў мецэнат, некалькi разоў пераходзiў з рук у рукi. Кожны новы домаўласнiк стараўся, разумеецца, павысiць кватэрную плату, перш за ўсё пану Томашу. Мецэнат пакорна згаджаўся з гэтым, аднак пры ўмове, запiсанай у дагаворы, што на двары дома не будуць iграць шарманкi.

Нягледзячы на такую дамоўленасць у кантракце, пан Томаш клiкаў да сябе кожнага новага дворнiка i вёў з iм прыблiзна такую размову:

- Паслухай, даражэнькi... Як ты называешся?

- Казiмеж, проша пана.

- Дык паслухай, Казiмеж! Кожны раз, калi я пазней вярнуся дадому, а ты адчынiш мне браму, дам табе дваццаць грошаў. Зразумеў?

- Зразумеў, вяльможны пане.

- Апроч гэтага, ты яшчэ будзеш мець ад мяне дзесяць злотых у месяц, але ведаеш за што?..

- Адкуль жа мне ведаць, вяльможны пане, - адказваў усхваляваны дворнiк.

- За тое, каб ты нiколi не пускаў у двор шарманшчыкаў. Зразумеў?..

- Зразумеў, вяльможны пане.

Кватэра мецэната склалася з дзвюх частак. Чатыры большыя пакоi выходзiлi вокнамi на вулiцу, два меншыя - на двор. Парадная палавiна кватэры прызначалася для гасцей. У ёй адбывалiся раўты, тут ён прымаў клiентаў, тут спынялiся вясковыя сваякi i знаёмыя мецэната. Сам пан Томаш паказваўся тут рэдка, каб толькi праверыць, цi нацерлi паркет, цi сцерлi пыл i не пашкодзiлi мэблю.

Цэлымi днямi, калi ён не праводзiў iх па-за домам, пан Томаш сядзеў у кабiнеце ад двара. Там ён чытаў кнiгi, пiсаў лiсты або праглядаў дакументы знаёмых, якiя прасiлi ў яго парады. Калi ж не хацеў лiшне натужваць вочы, садзiўся ў мяккiм крэсле насупраць акна i, закурыўшы сiгару, паглыбляўся ў роздум. Ён ведаў, што роздум - важная функцыя жыцця, якую павiнен паважаць кожны, хто дбае пра сваё здароўе.



4 из 13