З другога боку двара, насупраць вокан пана Томаша, была кватэра, якую здавалi людзям бяднейшым. Там доўга жыў стары судовы чыноўнiк, якi, страцiўшы пасаду, пераехаў на Прагу*. Пасля яго пакой заняў кравец; але, таму што ён любiў сяды-тады напiцца i нарабiць шоламу, яго папрасiлi выселiцца. Тады туды перабралася нейкая пенсiянерка, што вечна сварылася са сваёй служанкай.

* Прага - правабярэжная частка Варшавы.

Аднак на святога Яна бабулю гэтую, зусiм ужо нямоглую i даволi-такi багатую, нягледзячы на яе сварлiвы характар, сваякi забралi ў вёску, а ў кватэры пасялiлiся дзве жанчыны з малою дзяўчынкай, якой было гадоў восем.

Жанчыны гэтыя жылi з працы. Адна шыла, другая вязала на машыне панчохi i каптанiкi. Маладзейшую з iх i прыгажэйшую дзяўчынка называла мамай, а старэйшай гаварыла "панi".

I ў мецэната, i ў новых кватарантаў вокны цэлы дзень былi адчынены. Сеўшы ў сваё крэсла, пан Томаш свабодна бачыў, што робiцца ў яго суседак.

Мэбля была там бедная. На сталах i на крэслах, на канапе i на камодзе ляжалi тканiны на шытво i клубкi нiтак на панчохi.

Ураннi жанчыны самi падмяталi кватэру, а апоўднi нанятая жанчына прыносiла iм не надта багаты абед. Зрэшты, жанчыны гэтыя амаль не адыходзiлiся ад сваiх гаманлiвых машын.

Дзяўчынка звычайна сядзела каля акна. Гэта было дзiця цёмнавалосае, з прыгожым тварыкам, але бледнае i нейкае нерухавае. Часамi дзяўчынка вязала двума пруткамi паясок. А то забаўлялася лялькай, якую апранала i распранала паволi, як быццам з цяжкасцю. Часамi не рабiла нiчога, сядзела сабе ды праз акно прыслухоўвалася да чагосьцi.

Пан Томаш нiколi не бачыў, каб гэтае дзiця спявала або бегала па пакоi, не бачыў нават усмешкi на бяскроўных вуснах i нерухомым твары.

"Дзiўнае дзiця!" - думаў мецэнат i пачаў прыглядацца больш уважлiва.



5 из 13