- Калi пройдзе?..

- Хутка.

- Можа, мамачка, заўтра?

- Дзён праз некалькi, дарагая.

- Калi гэта пройдзе, дык ты мне, мама, скажы. Бо вельмi ж сумна!..

У чаканнi праходзiлi днi i тыднi. Дзяўчынка пачала ўжо ўставаць з пасцелi. Навучылася вобмацкам хадзiць па пакоi; сама апраналася i распраналася, памаленьку ды асцярожна.

А зрок не вяртаўся.

Аднойчы яна сказала:

- Мама, праўда, што ў мяне блакiтная сукенка?

- Не, дачушка, у цябе шэрая.

- Ты бачыш яе?

- Бачу, мiлая.

- Так, як i ўдзень?

- Ага.

- Я таксама буду ўсё бачыць праз некалькi дзён?.. Не, можа, за месяц...

А таму, што мацi нiчога ёй не адказвала, малая гаварыла далей:

- Праўда, мама, што на дварэ ўвесь час дзень?.. А ў садзе - дрэвы, як i раней?.. Цi прыходзiць да нас белы коцiк, што з чорнымi лапамi?.. Праўда, мама, што я бачыла сама сябе ў люстры?.. Дзе тут люстра?..

Мацi падала ёй.

- Трэба глядзець сюды, дзе гладка, - гаварыла дзяўчынка, прыкладаючы люстра да твару. - Нiчога не бачу, - сказала яна. - А ты, мама, бачыш мяне ў люстры?

- Бачу, рыбка мая.

- А як жа ты бачыш? - жаласлiва ўскрыкнула малая. - Калi я не бачу сябе там, то там ужо нiчога не павiнна быць. А тая, што ў люстры, яна мяне бачыць цi не?

Ды мацi расплакалася i выбегла з пакоя.

Калека найбольш любiла дакранацца рукамi да дробных рэчаў, распазнаваць iх.

Неяк мацi прынесла ёй фарфоравую ляльку, прыгожа апранутую, за цэлы рубель. Дзяўчынка не выпускала яе з рук, дакраналася да ляльчынага носiка, вуснаў, вачэй, забаўлялася ёю.

Спаць лягла вельмi позна, усё думаючы пра сваю ляльку, якую палажыла ў скрынку, высланую ватай.

Ноччу мацi прачнулася ад нейкага шораху ды шэпту. Схапiлася з ложка, запалiла свечку i ўбачыла ў куточку сваю малую, што ўжо апранутая гуляла з лялькай.

- Што ты робiш, дзiцятка маё? - закрычала мацi. - Чаму ты не спiш?



7 из 13