
- Бо ўжо ж, мама, дзень, - адказала малая.
Дзень i ноч злiлiся для яе ў адно - ужо назаўсёды...
Паступова памяць зрокавых уражанняў пачала ў дзяўчынкi згладжвацца. Чырвоная вiшня стала для яе вiшняй гладкай, круглай i мяккай, блiскучая манета была цвёрдым i звонкiм кружочкам, пакрытым трошкi выпуклай разьбой. Малая ведала, што пакой большы за яе, дом большы за пакой, вулiца за дом. Аднак усё гэта неяк скарацiлася ў яе ўяўленнi.
Увага яе накiравалася на пачуццi дотыку, нюху ды слыху. Яе твар i рукi сталi такiмi ўражлiвымi, што, наблiзiўшыся да сцяны, яна за некалькi цаляў адчувала лёгкi холад. Тое, што было далей, даходзiла толькi праз слых. Вось яна цэлымi днямi i прыслухоўвалася.
Яна пазнавала, як iдзе - шоргаючы нагамi - дворнiк, якi гаварыў пiсклява i падмятаў двор. Ведала, калi едзе з дрывамi сялянскi воз, калi - рамiзнiк, а калi - кары, на якiх вывозяць смецце.
Найменшы шорах, пах, пахаладанне або пацяпленне паветра дзяўчынка абавязкова заўважала. З незразумелай хуткасцю яна падхоплiвала гэтыя дробныя з'явы i з усяго рабiла вывады.
Аднойчы мацi паклiкала служанку.
- Янiхi няма, - сказала калека, як заўсёды, седзячы ў куточку. - Яна пайшла па ваду.
- А ты адкуль гэта ведаеш? - здзiвiлася мацi.
- Адкуль?.. Я ж ведаю, што яна ўзяла ў кухнi вядро, пасля пайшла на другi двор, напампавала вады. А цяпер гаворыць з дворнiкам.
I сапраўды з-за паркана даходзiў лёгенькi падвойны водгалас гаманы, але такi невыразны, што толькi моцна натужыўшыся можна было яго пачуць.
Аднак нават такая абвостранасць другiх адчуванняў не магла замянiць дзяўчынцы зроку. Ёй не хапала ўражанняў, яна пачала сумаваць.
Ёй дазволiлi хадзiць па ўсiм доме, i гэта яе трошкi супакойвала. Абтупала малая кожны камень на двары, дакранулася да кожнай рыны i бочкi. Але найбольш прыемнымi былi ёй падарожжы да двух зусiм розных светаў - у сутарэнне i на гарышча.
