- Ну, скажы яму, каб праверыў свой пiсталет, i я вам пакажу тое-сёе. А ў цябе якiя былi планы?

- Нiчога канкрэтнага, я ж ведаю, ён захоча пайсцi туды, дзе я не ведаю гаспадара. Нешта накшталт начнога клуба. Я частую. Табе не трэба будзе трацiць грошай. Я проста хачу, каб ты як бы выканаў ролю праваднiка. Форма адзення парадная. Сустрэнемся ў мяне а сёмай гадзiне.

Хэм Глендан аказаўся даволi мажным мужчынам, з рудымi валасамi i тварам, якi не паддаецца загару. У калiдоры Каралiнiнай кватэры я ўбачыў крэмавы капялюш з паўдзюймовай стужкай i пачуў яго голас, мяккi, якi ў першы момант здаваўся даволi прыемным, але хутка мог надакучыць. На iм быў двухбортны пiнжак, новыя лакiраваныя чаравiкi i брыльянтавыя запiнкi ў аправе з онiксу. Ён адразу ж пачаў называць мяне Джым, ужо калi знаёмiў з жонкаю. Яна была нiшто сабе.

Яна стаяла, калi я ўвайшоў. Каралiна перад гэтым пайшла на кухню. Калi я вiтаўся з ёй за руку, то здзiвiўся, што так хутка прыйшлося змянiць першае ўяўленне пра яго рост. Галава яе была адкiнута, але не даставала да майго падбародка.

- Вельмi рада пазнаёмiцца з вамi, - сказала яна, павярнулася i села. Яе постаць была прыгожая, i фiрма "Найман-Маркус" добра папрацавала, каб яе аздобiць i, пэўна, з задавальненнем дэманстравала на ёй свае тавары. Калi яна паварочвалася, каб сесцi, я заўважыў, што яна кiнула кароткi позiрк у мой бок; яна старалася ўбачыць, якое ўражанне зрабiла на мяне, а калi ўбачыла, апусцiла вочы i ўзяла цыгарэту.

Мы паехалi ў "21", потым у тэатр на "Аклахому", якую я i Каралiна бачылi ўжо тры разы. За вячэрай гаварылi ў асноўным Хэм i Каралiна. Гаворка iшла пра тэхаскiх знаёмых, якiх я амаль не памятаў цi нават не ведаў. Хэм часам прасiў Элi дапоўнiць падрабязнасцi пра некаторых людзей, гэтым i абмяжоўваўся яе ўдзел у размове. Мой удзел быў яшчэ меншы, але я не сумаваў, i Элi, вiдаць, таксама, бо раз-пораз яна паглядала на мяне i ўсмiхалася. Я памятаў, як Каралiна гаварыла, што яна цiхая, i было падобна на тое, што яна не чакала ад мяне доўгiх размоў i сама iх не завязвала. Наогул, здавалася, што ёй было прыемна ад таго, што яна зрабiла на мяне ўражанне. У рэстаране i тэатры другiя мужчыны таксама глядзелi на яе, i яна дыхала iх захапленнем.



2 из 6