
Калi мы выйшлi з тэатра i пакуль вырашалi, куды пайсцi, Каралiна прапанавала вярнуцца ў "21". Я хацеў пайсцi куды-небудзь, дзе можна было б патанцаваць; мне хацелася пагаварыць з Элi. Але калi мы былi ўжо ў "21", Хэм усё паставiў на сваё месца.
- Джым, я думаю, што з гэтага часу мы ў тваiх руках. - Ён засмяяўся, i я засмяяўся ў адказ.
- З прыемнасцю, - сказаў я. - А куды б вы хацелi схадзiць?
- Ну, ва ўсякiм разе спадзяёмся на твой густ, Джым, - адказаў Хэм.
- Кажы шчыра, Хэм, - сказала Каралiна. - Мой няўклюда брат ведае ўсе такiя месцы.
- Ведаю, - сказаў я.
- Ну, Гарлем, адно з iх. Мы шмат чулi пра танцавальную залу Дорчэстэра.
- Ну, канечне, - сказаў я i падумаў пра тое, як мы былi адзеты. - Такiх танцаў, як там, вы не ўбачыце нiколi да канца жыцця. Больш iнтымныя месцы адкрываюцца не так хутка: калi мы хочам зайсцi ў адно з iх, нам не шкодзiла б пераапрануцца.
- Шчыра кажучы, Джым, мы ў нейкай меры ўжо больш-менш настроены на Дорчэстэр. Вы ж прасiлi мяне быць шчырым.
- Калi ласка, - сказаў я. - Я папрасiў афiцыянта прынесцi на стол тэлефон i патэлефанаваў адмiнiстратару Дорчэстэра, беламу, якога ведаў ужо многа гадоў. Я вельмi асцярожна падкрэслiў, што са мной будзе сястра i некалькi сяброў з Тэхаса. Макс, мой знаёмы адмiнiстратар, быў чалавек кемлiвы i паабяцаў забранiраваць нам столiк у кабiне.
Больш таго, калi мы пад'ехалi да Дорчэстэра, ён ужо чакаў нас ля ўвахода, за што я быў яму вельмi ўдзячны, бо каля касы стаяла доўгая чарга маладых неграў. Макс сустрэў нас i правёў без бiлетаў, а ўжо ўсярэдзiне нас вёў негр Ал Споўд, колiшнi баксёр-цяжкавагавiк, а цяпер галоўны вышыбала Дорчэстэра, таксама мой даўнi знаёмы.
