У Дорчэстэры звычайна не падаюць моцных напiткаў, але Макс паставiў на стол пару бутэлек з-пад кока-колы, у якiх было вiскi. Я падзякаваў Ал Споўду, i той пайшоў займацца сваiмi справамi. Высветлiлася, што Хэму падабаецца джаз, а Каралiна крыху разбiралася ў музыцы, так што цяпер яны мелi магчымасць паслухаць два добрыя аркестры. Наша кабiна была на адным узроўнi з танцавальнай пляцоўкай, недалёка ад аркестра, што было зручна цi я толькi так думаў, спадзеючыся, што з-за аркестра i танцавальных пар не будуць чутны тыя пытаннi, якiя я збiраўся задаць Элi пасля таго, калi мы пасядзем. Тым часам мы пiлi тое, што было на стале, i глядзелi на выдатныя танцы. Так цягнулася, пакуль адзiн аркестр не скончыў праграму. Танцоры засталiся на сваiх месцах, чакаючы, калi зайграе другi, калi ён зайграў, зноў узняўся шум, i я загаварыў да Элi:

- Вы ведаеце, калi б выйшла па-мойму, мы былi б там, дзе змаглi б патанцаваць, не звяртаючы на сябе ўвагi, як зараз. - I яна здагадалася, што я меў на ўвазе наша адзенне.

- Праўда? - яе губы крыху крывiлiся ва ўсмешцы, яна ўзняла вочы i перавяла iх на танцораў.

- Можа, Хэму i Каралiне хутка надакучыць, i мы паедзем у якое другое месца. Не думаю, што вам тут дужа падабаецца.

- Ат, не звяртайце на мяне ўвагi.

- Але я хачу, каб вы добра прабавiлi час. Вы любiце танцаваць? Бо ў такiм разе я ведаю некалькi месц, дзе танцуюць удзень. Вось, хоць бы ў суботу, па полуднi, калi вы толькi будзеце вольныя. - Я зрабiў нацiск на слове "вольныя", каб яна пераканалася, што я меў на ўвазе яе адну, без Хэма.

- У суботу я планавала паабедаць разам з маёй даўняй сяброўкай, з якой разам вучылася ў коледжы Рандольф-Мэкон. - Яна змоўкла i зручней ўселася ў крэсле. - Але дзе вы чулi, каб дзве дзяўчыны ў Нью-Ёрку маглi праседзець на адным месцы палавiну дня? Я думаю, да трох гадзiн мы нагаворымся, а пасля я проста прайдуся па Парк-авеню ў бок будынка Вандэрбiльта, i калi так здарыцца, што я сустрэну каго-небудзь...



4 из 6