Нiзкае вакно твайго вузенькага, нiбы пенал, пакойчыка ўпiралася ў сабачую будку, i ўлетку, з-за пахаў, яго лепей было трымаць наглуха зачыненым. Калi мацi працавала ў начную змену, бацька не тоячыся прыводзiў жанчын i ты ўсё чула праз тонкую перабойку, а часам i сутыкалася з распранутай госцяю ў калiдорчыку. Праз гэта, сцвярджала ты, у цябе доўга захоўваўся iмунiтэт супроць блiзкасцi з мужчынамi.

Пад ложкам у пакойчыку-пенале стаяла скрынка з кардоннымi лялькамi, якiм ты выразала з паперы кофтачкi i спаднiчкi. Твае самаробныя цацкi настолькi кранулi мяне, што я вырашыў на дзень нараджэння падараваць табе самую дарагую ляльку ў шыкоўным строi...

Калi мы не сустракалiся цэлы тыдзень, вечар у кавярнi быў прысвечаны снам. Не ведаю, як ты, а я магу прысягнуць, што такiх фантасмагарычных i ўадначас паўнакроўных сноў да таго лета мне не снiлася. Кавярня ўключала вядомыя адной ёй каналы, i, думаю, зазiрнуць у нашы сны не адмовiлiся б сам Зыгмунд Фрэйд i Карл Густаў Юнг.

Узяць хаця б сон, дзе мы з табой iдзём па горадзе, у якiм усе жыхары калекi: сляпыя, бязрукiя, бязногiя, на мылiцах i ў iнвалiдных калясках. Мы, трымаючыся за рукi, каб не згубiцца, прабiраемся праз iхнi крыклiвы страхалюдны натоўп i, часам пераходзячы на бег, як быццам ратуемся ад пагонi, а часам, спыняючыся i пераводзячы дых, заглыбляемся ў нерат вулiц i вулачак, але ў вонкавай хаатычнасцi нашага руху ёсць мэта, пра якую мы не маем права нi на хвiлiну забыць: сярод тысячаў калек i ўбогiх мы павiнны адшукаць iншых нармальных.

А памятаеш конкурс прыгажосцi?

Над амфiтэатрам, дзе ён адбываўся, вiсеў букет шматкалёрных мангальф'ераў, i падобны да грака чалавек у чорным фраку i цылiндры па чарзе падцягваў iх за канат да арэны. З кошыкаў выскоквалi юныя прыгажунi ў купальнiках, якiх чалавек-грак падводзiў да подыума з шырачэзным адкрытым ложкам. Тут яны пераходзiлi ў рукi двух бамбiзаў у стракатых махровых шлафроках, чыёй задачай было на вачах у журы i публiкi пазбаўляць канкурсантак нявiннасцi. Адчуўшы, што прапанаваная сiстэма адбору мяне прыкметна нервуе, ты заразлiва засмяялася i паведамiла пра даўняе знаёмства з усiмi прэтэндэнткамi, якiя ў лепшым разе яшчэ памяталi iмёны сваiх першых мужчынаў.



13 из 35