
Але неўзабаве паветраны шар прывёз на арэну гнуткую дзяўчыну ў кармiнавым купальнiку, убачыўшы якую, ты ўся падалася ўперад i зашаптала, што яе трэба выкупiць, бо дзяўчо - насамрэч цнатлiўка i трапiла сюды, каб зарабiць грошай на вяселле. У наступную хвiлю мы беглi па праходзе ўнiз i паспелi-такi перахапiць чалавека ў цылiндры на яго цырымонным шляху да подыума, а потым пад незадаволены гул амфiтэатра рассоўвалi яму па кiшэнях купюры. Рэшту аддалi дзяўчыне, i ты загадала ёй ехаць да жанiха i сказаць, каб ён неадкладна, сёння ж, зрабiў яе жанчынай.
У вынiку аналiзу таго сну атрымалася, што нашая ратаванка - ты...
Я думаю, карыфеi псiхааналiзу заплацiлi б нам i за сон, у якiм я любiў не цябе, а iншую жанчыну, называючы яе тваiмi пяшчотнымi iмёнамi i мянушкамi; ад гэтага яна ўвачавiдкi набывала твае рысы, i ўрэшце я стаўся сведкам канчатковага пераўвасаблення, пакутлiва разважаючы, што ў такiм разе прычынiлася з табой сапраўднаю i ў якой абалонцы iснуе цяпер твая душа.
Ты згодная, што хтосьцi жыве пераважна розумам, а хтосьцi - пачуццямi? Адны, адпаведна, успрымаюць жыццё як камедыю, для другiх яно - трагедыя. У мяне гэтыя кампаненты, пачуццё i розум, заўсёды былi перамяшаныя ў складаным кактэйлi з хiсткай перавагаю то першага, то другога, але ў тое лета, так, рэчаiснасць - нават у самых, здавалася б, камедыйных праявах з мiлiцыянтам Пецем альбо з алмазаздабытчыкам - не ўспрымалася мною як камедыя. Тым больш яна не выглядала i трагедыяй. Наш з табой свет меў характарыстыкi iншага кшталту.
Пацягваючы мiндалевы лiкёр, мы прыйшлi да высновы, што калi ты ўзняўся над раслiнным iснаваннем, то мусiш зразумець адную элементарную, на першы погляд, рэч. Выбару сапраўды няма: кожны - незалежна ад уласнай волi - прызначаны цi асуджаны iграць нейкую ролю, у выкананнi якой i схаваны сэнс жыцця. У вайне з хронасам нiхто не пераможа, але той, хто ўсвядомiў свой абавязак i злiўся з роллю, узброены лепей.
