Ты ведаеш, я не належу да празмерна сарамяжлiвых, i, магчыма, памятаеш, што было далей. Каля цырка ты сабралася выходзiць, а мне ўдалося вышмыгнуць першым i падаць табе руку. Ты з подзiвам у пераспелых вiшнях абаперлася на яе, намагаючыся разгледзець за цёмнымi акулярамi i рудаватай барадою каго-небудзь знаёмага, i пачула словы, якiя сярэднестатыстычную пасажырку грамадскага транспарту непазбежна прывялi б да думкi пра стан здароўя суразмоўнiка: "Даруйце, што не здолеў прыдумаць вам бiяграфii".

Увесь вечар мы гулялi па горадзе, елi за вынесенымi на вулiцу столiкамi марозiва, а калi неба пахаладнела, купiлi шампанскага, пераглянуўшыся, зразумелi, што бутэлькi будзе да смешнага мала, узялi яшчэ дзве i спынiлi таксоўку.

Прызнаюся, ты здалася мне даступнаю, i гэта была не апошняя мая памылка...

Больш нi слова. Толькi пра кавярню. Пра нашую кавярню з такой мiлай у сваёй банальнасцi назваю - "Сябры".

Мы прыходзiлi туды пасля спатканняў у тым пакоi за зялёнымi шторамi. Часам наперадзе маячыў цэлы вольны вечар, часам i ты, i я з прабачлiвымi ўсмешкамi выбягалi з кавярнi камусьцi тэлефанаваць. Метафара сiямскiх блiзнятаў, якая раз-пораз усплывала ў размовах, выглядала мастацкай празмернасцю, аднак вельмi часта развiтанне на парозе кватэры цi на прыпынку ўспрымалася б не iначай як злачынства.

Лета, за выняткам лiчаных лiпеньскiх дзён з навылёт прагрэтымi сонцам азёрнымi кладкамi, выпала халоднае i дажджлiвае, i ў кавярнi мы найчасцей замаўлялi арэхавы лiкёр, што, як i ўсё астатняе, там налiвалi ў блакiтныя пластыкавыя кубачкi - дакладна з такiх частавалi мiнералкаю i лiманадам сцюардэсы ўнутраных авiялiнiяў. Некалькi глыткоў густой бурштынавай вадкасцi з мiндалёвым смакам хутка сагравалi i прыносiлi амаль хатнюю ўтульнасць.

Выбар напояў не прэтэндаваў на багацце: апроч двух-трох гатункаў лiкёру вы мелi магчымасць спытаць шампанскага, каньяку i дарагога нямецкага цi галандскага пiва ў бляшанках. Дадайце сюды цыгарэты, гарачыя лусцiкi i каву яе бармен гатаваў не горш, чым разумеў беларускую мову - вось i ўвесь асартымент, якi не забаранялася пашыраць прынесенымi з вулiцы бананамi, плiткай шакаладу i, галоўнае, якой-небудзь прыстойнай пляшкаю.



4 из 35