
Музыка прываблiвала не меней за дэмакратычнасць парадкаў. Кавярня слухала класiчныя негрыцянскiя блюзы, "бiтлоў", "ролiнгаў"... Карацей, ты памятаеш, там круцiлi альбомы, якiя нам калiсьцi не дазвалялi ставiць на школьных вечарынах, i мы слухалi iх дома на нехлямяжых пудовых магнiтафонах, што больш за ўсё любiлi пажаваць стужку.
У часы тых дапатопных апаратаў нiкога з кампанii моладзi, якая, пазычаючы ў суседзяў два крэслы, займала цэнтральны з пяцi столiкаў, не iснавала i ў праекце. Кампанiя пiла ў асноўным прынесенае з сабой айчыннае пiва, разлiвала пад сталом штосьцi мацнейшае i гаварыла на такiм рафiнаваным арго, што, здавалася, з намi гэтыя маладзёны пагадзiлiся б размаўляць толькi праз перакладчыка. Да прыкладу, я зусiм не адразу даўмеўся, што трох-, двух- i аднаактоўкi, якiя часта фiгуравалi ў iхняй гаворцы, з тэатрам былi звязаныя не болей, чым, скажам, з экспедыцыямi на Марс.
Абмежаванае кола наведнiкаў было яшчэ адной бясспрэчнай вартасцю кавярнi. Туды забрыдаў выпiць каля стойкi сто грамаў выпадковы прахожы, магла забурыцца гурма крутаплечых хлапцоў са стрыжанымi патылiцамi, што не прасiлi, а з ходу давалi бармену загад налiць кожнаму па поўнай каньяку i гучна загаворвалi пра Хрыпатага, якому ўключылi лiчыльнiк. Але большую частку клiентаў, асаблiва ўвечары, складала iншая публiка, у якой вылучалiся заўсёднiкi. Яны мелi традыцыйныя месцы, прыкметна нервавалiся, пакуль iх столiкi былi занятыя, i неадкладна перасаджвалiся, калi тыя вызвалялiся. З шэраговых клiентаў яны ператваралiся ў iндывiдуальнасцi, i таму я лёгка магу аднавiць аблiччы i паводзiны кожнага: i чалавека з вiльготнымi рукамi, якi называў сябе алмазаздабытчыкам, i глуханямых, i мiлiцыянта, якога не разумела жонка, i парачкi лесбiянак...
