
З каго б ты хацела пачаць?
Чаму не, няхай будзе мiлiцыянт, пагатоў у цесным свеце кавярнi ён успрымаўся прыкладна так, як сабачае вуха на месцы аднаго з пялёсткаў вялiзнага рамонка з палатна паслядоўнiка Далi.
Мiлiцыянт заяўляўся недзе каля восьмай. Ён прыходзiў у цывiльным, але ўсе ведалi, што ён - мiлiцыянт i што яго завуць Пеця, бо выпiтыя сам-насам з сабою "законныя" сто грамаў каньяку ўмомант рабiлi яго гаваркiм, i, замовiўшы бутэльку шампанскага i крыху лiкёру, ён падсаджваўся за чужы столiк. Лiкёрам ён зрэдку мог пачаставаць суседку, а шампанскае, усё да кроплi, выпiваў сам.
Рысы ягонага гладка выгаленага твару нiхто не назваў бы непрыемнымi, ды яны iснавалi незалежна адна ад адной i, як на прамежкавых стадыях стварэння фотаробата злачынцы, нiяк не хацелi спалучацца: смелы разрэз вачэй пярэчыў мяккаму падбародку, а выразны нос не спадзяваўся дасягнуць гармонii з па-жаночаму маленькiм ротам.
Улюбёным слаўцом ягонага лексiкону была, як ты памятаеш, "жопа". Па "жопе" ён страляў з табельнай зброi, калi парушальнiк кiдаўся наўцёкi. Па "жопе" лупцаваў службовай папругаю сына-двоечнiка. Iншага слова не знаходзiлася i для жонкi, якой не дадзена было спасцiгнуць тайнiцу ягонае душы. Аднак гэты балбатун чамусьцi не шукаў сабе сабутэльнiкаў у форме, а ўпарта iшоў сюды, у кавярню, якую, на вялiкае наша здзiўленне, нi разу не абазваў сваiм запаветным словам, а часам, перад адыходам да жонкi, абсалютна не абразлiва, нават пяшчотна называў "гадзючнiкам". Нягледзячы на тое, што з iм было цiкава пагаварыць не больш за адзiн раз, мiлiцыянт заняў на палубе прызначанае яму месца, i без яго агульная мазаiка рызыкавала б рассыпацца - так адсутнасць коскi здатная разбурыць самы дасканалы сказ.
Я сказаў: "на палубе". Гэты выраз належаў алмазаздабытчыку i мог ускосна сведчыць, што той зарабляў на жыццё i на сваiх жанчын не толькi пошукам алмазаў у якуцкай вечнай мерзлаце, але i насамрэч хадзiў у мора.
