Яна бесперастанку мiгацела дзiвосным бляскам, пералiвалася разнастайнымi, як вясёлка, колерамi праз лёгкую туманнасць, нiбы вока праз раснiцы самай прыгожай дзяўчыны ў свеце. Свяцiлася яна незлiчоныя гады, калi i кургана не было на свеце. Яна зачаравала яго, i ён не зводзiў з яе свайго позiрку. У кожную ясную ноч, калi запальвалася цудоўная зорка ў далёкiм небе, адзiнокi курган толькi i бачыў адну яе, толькi пазiраў на яе. Удзень, калi зоры пагасалi, ён жыў думкамi аб зорцы, што свяцiлася над iм з глыбiнi бяздоннага неба. Сумаваў старадаўнi адзiнокi курган, чаму такая далёкая-далёкая адлегласць, непераадольная, непраходная аддзяляе яго ад зоркi. Але сумоту таiў ён глыбока ў сваiм нутры. Ён дужа засмучаўся, калi над зямлёю наплывалi хмары i засланялi сабою неба i далёкiя зоры на iм. Тады ён быў хмуры, невясёлы, пануры. Яго сумоту злёгку разганяў паважны бусел, што прылятаў каратаць з iм ночы. Часамi ў iх i гутарка сякая-такая вялася, хоць, праўда, маўклiвая.

- Цi даляцеў бы ты, буслiк, да неба, дзе свецiцца унь тая зорка, што над намi? - хацелася гэтак запытаць бусла.

Бусел адмоўна кiваў сваiм доўгiм носам.

Асаблiва цяжкая пара для адзiнокага кургана была ўвосень, калi хмары наўсцяж i на доўгi час засцiлалi неба, а яго падсуседнiк - бусел - вылятаў у вырай. Але вось i хмурыя днi праходзiлi. Неба раз'яснялася i свяцiлася ўночы незлiчонымi халоднымi агнямi зорак, а бусел варочаўся з выраю. Адзiнокi курган весялеў. Ён адзяваўся ў новае ўбранне з маладзенькай траўкi, зелля i кветак. Як радасна было яму пазiраць на сваю зорку, што мiгацела над iм у глыбi неба! Як многа хацелася яму сказаць ёй!

У нядоўгiм часе дзiвосная праява напаткала адзiнокi курган. Аднойчы, калi ён дужа пiльна пазiраў на сваю чараўнiцу-зорку, яму здалося, што ад яе нiбы адарваўся кавалачак, такi ж блiскучы i далёкi. Курган увесь замлеў ад нечаканай, няяснай радасцi: няўжо зорка пасылае аб сабе вестачку яму, самы дарагi падарунак? I хiба ж ён не заслужыў гэтага сваёй адданасцю недасяжнай зорцы? А можа, гэта здалося яму? Можа, гэта зман? Цi то сапраўды самая затоеная, самая светлая мара становiцца праўдаю, рэчаiснасцю?



2 из 3