
Немец узлез па цэгле ў самую гару, скурчыўся там у змроку i пачаў кiдаць унiз цагляныя зломкi. Ва ўсёй яго цяперашняй паставе i аблiччы баец не бачыў нiчога варожага, нiчога недаверлiва хiтраватага, немец быў просты, рухавы i нават, адчувалася па нечым, - чулы i шчыры чалавек. Валока падлез да яго ў змрок i, зусiм зацяўшы ў сабе падазронасць, спытаў:
- Як цябе зваць?
Немец спынiў працу, праз пыл павярнуў да яго твар -ён не разумеў пытання.
- Завуць як? - гучней, бы глухога, запытаў Валока. - Мяне - Iван, а цябе? Ганс? Фрыц?
- Фрыц! Я, я! Фрыц Хагеман, - нiбы ўзрадаваўшыся сваей здагадлiвасцi, ахвотна абвясцiў немец i засмяяўся. - Iх - Фрыц, ду - Iван. Гут! - I ён зноў засмяяўся, у дробныя зморшчынкi сабраўшы свой немалады ўжо твар.
- Гут-то гут, - разважна, але паддаючыся яго лёгкасцi, сказаў Валока. Толькi не дужа. Вось вылезем, а тады што?
Але на немца гэты Валокаў клопат не зрабiў уражання. Ён па-ранейшаму рупна выдзiраў з груды наваленыя сюды кавалкi нейкае разбуранай сцяны i кiдаў iх унiз. Баец прымасцiўся побач i, нязручна сагнуўшыся ў цеснаце, пачаў рабiць тое ж.
4
Невядома, колькi мiнула часу. Яны ўжо багата перакiдалi ўнiз друзу, пад столлю можна было стаць - там, у змроку i пыле, сапраўды была праломiна некуды ўгору i ўбок, толькi яе моцна завалiла. Праменьчык са шчылiны знiк, цяпер адтуль нясмела клалася ў пыл толькi маленькая плямка знадворнага святла, i ў сутарэннi панаваў густы, ледзь-ледзь прышарэлы змрок. Як-колечы прызвычаеныя да яго, дзве пары вачэй трохi бачылi паблiзу, i людзi працавалi. Абодва яны наскрозь прапылiлiся, немец раз-пораз чыхаў, а Валока цяжка, дыхавiчна кашляў. Тое, што яны ўсё ж намацалi выхад, крыху абнадзейвала байца, цяпер ён ужо не думаў, што прападзе па-дурному. Затое новы, куды большы i складанейшы клопат усе настойлiвей пачаў агартаць яго.
