- Дык што ж рабiць будзем? Як выбiрацца?

- Я, я, - пагадзiўся немец. - Iдзi. Нада iдзi. Туды, навэрх, - паказаў ён пальцам у праламаную, але такую яшчэ моцную столь.

- Навэрх, - грубавата перадражнiў Валока. - Вядома, наверх. Не ўнiз жа. Але як вылезеш?

Невядома, што немец зразумеў з гэтае фразы, але ўраз заклапочана абвёў позiркам сцены, цёмны закутак за прыступкамi, задраўшы шырокiя пашчэнкi, агледзеў столь.

- Арбайт нада, - кiўнуў ён галавой у самы змрочны куток, завалены цагляным друзам. - Арбайт... Мнёга арбайт.

- Арбайт, канечне... А ты хто? Рабочы цi гэта... хлебароб? - запытаў Валока.

Немец, наморшчыўшы лоб, угледзеўся ў яго.

- Я, я! - зразумеўшы пытанне, радасна адгукнуўся ён. - Арбайт! Как ета па-руску... тышлер.

Не прыпомнiўшы патрэбнага рускага слова, ён дзвюма рукамi зрабiў такi рух, нiбы габляваў дошку, i Валока здзiвiўшыся, зразумеў:

- Столяр?

- Я, я, - пацвердзiў немец.

- От дык фокус! I я ж столяр. Я - столяр! - тыкаючы сябе пальцам у грудзi, гучней крыкнуў Валока, нiбы гучнейшае немец мог лепш зразумець. I ўсё ж, вiдаць, ён зразумеў, коратка ўсмiхнуўся праз дым i ашчадна дацмыгаў махорку.

- Iх хаўз, дом арбайт. Мнёга, мнёга хаўз, - казаў ён, рукамi робячы ў паветры такi рух, нiбы абмацваў двухскатны дах.

- I я гэта... хаўзы будаваў, - сказаў Валока i, паказваючы, паклаў далонь на далонь. - Зрубы рубiў. Рускi вугал. I нямецкi рубiлi. Ведаю гэта.

- Гут, гут, - задаволена кiваў галавой немец.

- Усё ведаю. Гэта яшчэ рыгель, рэйсмус, - вашыя ж назвы.

- Я, я. Рыгель! Рэйсмус, - як рэха, паўтарыў немец знаёмыя словы. Пасля ён пасур'ёзнеў i, счакаўшы, пакуль баец дакурыць цыгарку, устаў.

- Нада iдзi! - зноў падняўшы палец угору, сказаў немец. Валока таксама ўстаў, узяў у рукi аўтамат, недаўменна паглядзеў на яго, не ведаючы, куды прыбраць гэтую рэч, i пасля надзеў цераз галаву за спiну. Так ён заўсёды будзе пры iм i не дужа перашкодзiць у працы.



13 из 32