Куды знiк заднi, Валока не згледзеў.

Будынкi зноў скаланулiся, захiсталiся ад блiзкiх выбухаў, недзе з грымотным грукатам рухнула сцяна, ззаду ў пад'езд шуганулi клубы рудога цаглянага пылу. Валока ўгнуўся, скокнуў цераз адкiнутую немцаву руку, на якой яшчэ торгалiся кашчавыя, з пярсцёнкам, пальцы, i кiнуўся ў нейкiя расчыненыя дзверы. У дзвярах паката хiлiлася столь, i некуды ад парога ўнiз беглi прыступкi; спяшаючыся, Валока не патрапiў на iх, аўтамат загрукацеў па прыступках, наверсе яшчэ раз iрванула, i, баец, трываючы боль у назе, паляцеў у цемру.

Тут было цiха i цёмна. Засень i халодны бетон падлогi прыемна студзiлi яго разгарачанае, потнае цела. Валока сцiшыўся, услухаўся, ступiў раз, другi, мацаючы ў доле ўпушчаную зброю, шырэй загроб ля сябе рукамi i знячэўку жахнуўся: пальцы шкрэбнулi па нечых пыльных i яшчэ цёплых ад надворнае гарачынi ботах. Баец унутрана скалануўся, а боты тузанулiся з-пад яго рук, i ў той жа момант нешта тупое i цяжкае гахнула яго ў спiну. Валока войкнуў, ухапiў ротам паветра i з усяе сiлы рвануў у цемру тыя ногi. Свядомасць разанула здагадка - немец!

Вораг не ўтрымаўся, хiснуўся, але яго рукi паспелi ўхапiць Валоку за галаву i сашчапiлiся на шыi. Баец напружыўся, iрвануўся, ды марна. Вораг, сагнуўшы яго, гнуў голаў унiз i, шкрэбаючы па падлозе падкутымi ботамi, намагаўся апынуцца наверсе. Валока, крыху супакоiўшыся, ухапiўся за вопратку немца, напяўся i са злосцю падумаў, што лёгка яму не паддасца. Сам намацаўшы падэшвамi апору, ён усiм целам рынуў на ворага.

- Ы-ых!

Валока, задыхаючыся ад болю ў шыi, адчуў, як грукнулi аб бетон варожыя косцi. Ён цяпер апынуўся наверсе i кiдаў туды-сюды свае ногi - шукаў апору. Рукамi ж ён учапiўся ў варожыя рукi, што сцiскалi яго шыю, i пачаў выдзiраць з iх галаву.



2 из 32