Праз хвiлiну цi меней, натужваючыся, як толькi можна было, i ледзьве адольваючы варожую сiлу, ён вызвалiў галаву, дужа падаўся наперад плячом i з натугай распластаў немца ў доле. Няпэўна яшчэ, але Валока адчуў, што сам дужэйшы за яго, цяжэйшы; толькi, вiдаць, той быў больш спрытны, бо не паспеў баец саўладаць з пругкасцю яго ўчэпiстых рук, як тыя зноў ухапiлi яго за горла.

Немец гэта зрабiў нечакана i хвацка. Валока толькi крэкнуў ад неспадзеўкi i болю, на момант абвяў i разгубiўся, а немец крутнуўся пад iм, брыкнуў у бок нагамi i рвануўся наверх.

- А-а-а! Сволач! Ы-ых! - хрыпеў Валока.

Ён не ведаў ужо, як супрацiўляцца, i iнстынктыўна ўчапiўся ў тыя рукi, што сцiскалi яго шыю. Ён iрваў iх ад сябе, стараючыся разняць мёртвую хватку i не даць кiпцюрастым пальцам ашчаперыць глотку. Урэшце, выкручваючыся з апошнiх сiл на падлозе, Валока ўсё ж ададраў адну руку, але другая тады спаўзла нiжэй i ўчапiлася ў каўнер яго зашпiленай гiмнасцёркi.

Баец пачаў задыхацца. Грудзi распiрала ад нястачы паветра, - здавалася, вось-вось хрусне горла, i Валоку апанаваў страх, што вось так недарэчна даў загубiць сябе. З роспачнай нечалавечай сiлай ён iрвануўся, як мог упёрся ў падлогу каленямi, напружыўся i дзвюма рукамi моцна крутнуў убок адну, найбольш учэпiстую руку ворага. Каўнер байца затрашчаў; зноў нешта глуха стукнулася аб падлогу, вораг засоп, размашыста шоргнулi па бетоннай падлозе ягоныя боты.

Ад некалькiх роспачных рыўкоў палепшала; Валока вызвалiў шыю i, здаецца, пачаў асiльваць немца. Тады ў пачуццi шыбанула злосць i недзе ў свядомасцi мiльгануў люты намер забiць адразу ж, - ён набавiў сiлы. Баец цяпер зразумеў, што яму можа дапамагчы тут. Валтузячыся i сапучы, ён намацаў нагамi сцяну, зноў упёрся ў яе i пхнуўся ўсiм целам на ворага. Той зноў апынуўся ўнiзе Валока нешта замычаў ад зларадства i, усе больш заходзячыся ад лютасцi, урэшце дабраўся да варожае шыi.



3 из 32