
Павярнуўшыся, баец вызвалiў ад завалля рукi, прыўзняўся, але ногi былi яшчэ моцна нечым прыцiснуты. Цi ён аглух, цi сапраўды было зусiм цiха, толькi ў вушах нешта вiсклiва, працягла i балюча звiнела. Пакрысе ён павярнуўся на бок i паспрабаваў устаць. Ногi, здаецца, уцалелi, рукi таксама, толькi адна вельмi балела ў плячы. Ссыпаючы з сябе пыл i абломкi, ён прыўзняўся на руках, выцягнуў з-пад друзу адну нагу, пасля другую i сеў. I тады з грудзей яго прарваўся сударгавы нястрымны кашаль. Валока аж захлiпаўся ад ўдушша, грудзi разрывалiся; пыл i пясок забiлi, мусiць, усе лёгкiя. Уздрыгваючы ўсiм целам, некалькi пакутных хвiлiн чалавек кашляў i адплёўваўся i пасля, калi палегчала, зноў агледзеўся наўкола.
Так, яго добра завалiла тут. Завалiла лесвiцу i склеп, уцалеў толькi змрочны закутак за прыступкамi ды якiх метры са два ля выхаду. Той бок склепа, насупраць ад увахода, быў зусiм забiты цэглай, бетоннымi глыбамi; столь над iм скасабочылася, разламаўшыся на кавалкi, i з чорных шчылiн дзе-нiдзе тырчала ржавая арматура. З адной такой шчылiны ў паўзмрок сутарэння цадзiўся знадворку тоненькi мiльготкi праменьчык. У iм, роячыся, густа блiскалi пылiнкi, i ён ледзьве прабiваўся да долу, дзе клаў на цагляны зломак прыцьмелую плямку святла. Ад гэтай яго кволай спробы прабiць змрок i было тут трошкi вiдна.
Паматаўшы галавой, Валока вытрас з вушэй пясок i ўчуў, як глухiмi ўздыхамi з-пад зямлi данеслiся сюды гукi вайны - выбухi, далёкi маторны гул i глухаватыя кулямётныя чэргi.
