- I-i-i, э-э! - мычаў немец, i Валока адчуваў, што перамагае. Вораг прыкметна збавiў iмпэт i толькi абараняўся, хапаючыся за разлютаваныя Валокавы рукi i шалёна тузаючыся. Валоку, аднак, вельмi замiнала сумка з дыскамi, якая перакруцiлася на баку, трапiла пад немца i почапкай трымала яго, як на прьшязi. Пасля, змагаючыся, Валока зноў страцiў апору, у валтузнi недзе прапала сцяна; ногi шкрэблi па слiзкай падлозе, але баец з усяе сiлы трымаўся наверсе i не выпускаў варожае шыi.

Немец роспачна затрапятаў, заенчыў, захрыпеў, iрвануў аберуч ягоныя рукi, ляпнуўся аб бетон галавой, напружыўся, кiнуўся ўбок выгнутым целам. Толькi Валока не выпускаў яго, ямчэй прыналёг плячом, ухапiў пяцярнёй горла i цiскануў.

Але ў той момант здарылася штосьцi страшнае.

Грымотны пярун ударыў у вушы, здрыганулася i рухнула ў нейкае бяздонне падлога, чорнае падзямелле громам i грукатам абрушылася на чалавека. На галаву, спiну, плечы рынула цэгла, зямля, пясок, задушыла нейкiм смуродам, балюча ўдарыла ў голаў, навалiлася i прыцiснула... Валока iнстынктыўна хiснуўся ад немца, ускiнуў над сабою рукi, затулiўся, бездапаможна падставiўшы абвалу потную, пабiтую спiну.

Грымоцце, аднак, хутка спынiлася, сцiхнуў абвал, але ўсё Валокава цела скавалi цесната i цяжар. Нельга было нi выдыхнуць, нi варухнуцца, i толькi ў свядомасцi блiскала кароценькая i радасная думка: "Жывы". Але не было паветра, i ён задыхаўся ад пяску i нейкага смярдзючага ўдушша. Адчуўшы, што гiне, Валока рвануўся з тае магiлы; нешта туга, але падатлiва рассунулася над iм, ён шпарка задыхаў i расплюшчыў запарушаныя пяском, балючыя вочы.

2

Дзiва, як ён уцалеў.

Навокал ужо не было ранейшай цемры, разам з ею знiк недзе i халаднаваты прастор склепа. Было душна, i скрозь грувасцiўся цагляны ды бетонны друз. Спачатку Валоку здалося, што выбухам ён адкiнуты кудысьцi з таго месца, дзе бiўся з немцам, але, угледзеўшыся ў прыцемкi, пазнаў абсыпаныя шчэбнем уцалелыя крутыя прыступкi, з якiх ён звалiўся сюды.



4 из 32