
Валока ўнутрана сцяўся ("Ах ты, пракляты, уцалеў!") i левай рукой падхапiў ствол аўтамата. Але былы страх знiк, цяпер баец не дужа i баяўся гэтага недадушанага ворага. Немец, аднак, не варушыўся, яшчэ трохi паўзiраўся ў байца i затым тузануўся з ламачча. Твар яго пры гэтым скрывiўся ад болю, вораг прастагнаў i немачна заплюшчыў вочы.
"Забiць!" - блiснула думка. Валока прывычна скiраваў на ворага аўтамат, гатовы вось-вось нацiснуць на спуск; гэта было так лёгка зараз i так проста. Але, мабыць, гэтая лёгкасць i прытрымала яго рашучасць. Немец зноў аслабела заварушыўся, намагаючыся вызвалiцца з-пад абломкаў. "Ну лезь, паспрабуй! Падыдзi! - казаў сабе баец, пiльна назiраючы за кожным аслабелым рухам ворага. - Вылезеш, тут жа i ляжаш!"
Гэта быў чацвёрты вораг, якi трапiў яму пад аўтамат. Першага ён падстрэлiў у сорак трэцiм пад Прохараўкай з акопа, у часе нямецкай атакi. Той упаў тады на траву, павярнуўся, неяк здзiўлена паглядзеў на Валоку i сцiх. З другiм давялося трохi пазмагацца. Баец даганяў яго ў акопе, той страляў з парабелума, паранiў яго сябра Макiўчука, - то быў нейкi афiцэр у фуражцы з кукардай, i Валока, загнаўшы яго ў тупiк, прыкалоў штыхом. Трэцяга расстраляў там, у пад'ездзе. Цяпер вось гэты.
Але страляць яго ў доле было неяк няёмка. Вакола чакаў, калi ён вылезе i што будзе потым.
Толькi вылезцi яму было нялёгка. Немец патузаўся плячыма, разварушыўшы цаглiны, выцягнуў з-пад завалля руку, пакрывiўся тварам ад болю. Затым застагнаў, умольна зiрнуў на байца i зноў бяссiльна абвяў.
"А, даняло, сабака!" - прабурчаў Валока, усе напружана сочачы за iм.
