
Затым сам аж здзiвiўся, навошта зрабiў тое, - немец вальней заварушыўся, абапёрся аб дол рукамi i, схiлiўшы ўнiз галаву з разматлянымi пыльнымi космамi, паволi выцягваў з-пад друзу ногi. Ага!.. Цэлы... Ён ужо апынуўся на волi, але чамусьцi не спяшаўся скарыстаць яе, - мусiць, яго добра прыбiла ў часе абвалу. Тоячы ў душы супярэчлiвую, перамешаную са спачуваннем зласлiвасць, Валока стрымана назiраў за iм.
Абапiраючыся рукамi на загрувашчаны дол, немец нейкi час сядзеў, не могучы, вiдаць, саўладаць са слабасцю i болем. Побач, сцяўшы над пераноссем запарушаныя пылам бровы, з аўтаматам напагатове чакаў Валока. Немец усё мацаў сваю нагу ў калене, варушыў ботам. Затым, нiбы чагосьцi здзiвiўшыся, зiрнуў на байца i ўслухаўся. Знадворку глуха даносiлася далёкая стралянiна; грымнула некалькi выбухаў; праз шчылiны ў столi сям-там прасеялася крыху пяску. Немец паглядзеў угору i, нiбы прыпамятаўшы штосьцi, таропка ўстаў i, кульгаючы, падаўся да лесвiцы.
Валока не бачыў у яго нiякае зброi, ведаў, нiкуды яму не вырвацца адсюль, i таму спакойна сеў на цагляны зломак, з перавагай пазiраючы на ворага. Аўтамат ён трымаў мiж калень. "Ага, паспрабуй", - з'едлiва падумаў баец, гледзячы, як немец штурхае плiту над прыступкамi. Той рабiў гэта, вiдаць, з усяе сiлы, ззаду ў кароткiм разрэзе аж матлялiся канцы мундзiра, але плiты зрушыць не здолеў. Тады немец павярнуўся; на яго збянтэжаным твары было пытанне, але безудзельна спакойны выгляд Валокi, мусiць, даў яму зразумець, што выйсця адсюль няма.
